Пошук

Vatican News

Ватыкан: фільм да 50-годдзя Міжнароднай тэалагічнай камісіі

50-годдзю Міжнароднай тэалагічнай камісіі быў прысвечаны 10-хвілінны дакументальны фільм. 27 студзеня 2021 г. ён з’явіўся на ватыканскіх каналах у Youtube.

Стужка пад назвай “Міжнародная тэалагічная камісія ў 50-годдзе яе дзейнасці: гісторыя, шлях, перспектывы” (La Commissione Teologica Internazionale nei suoi 50 anni di vita: storia, cammino, prospettive), знаёміць з місіяй і галоўнымі этапамі дзейнасці структуры. У ёй дэманструюцца гістарычныя фотаздымкі, дакументы, відэазапісы, фрагменты прамоў Пантыфікаў.

Фільм складаецца з трох частак. Першая знаёміць з прычынамі заснавання Камісіі. Яна ўзнікла па ініцыятыве папы Паўлам VI у 1969 г. хутка пасля заканчэння Другога Ватыканскага Сабору. Прыводзяцца словы св. Яна Паўла ІІ, які казаў, што галоўная мэта стварэння структуры заключалася ў тым, каб “працягваць на пастаяннай аснове сціслае супрацоўніцтва паміж пастырамі і тэолагамі з розных частак свету”.

Другая частка распавядае пра методыку і дух працы Камісіі. Падкрэсліваецца, што ключавымі словамі ў яе дзейнасці сталі: “плюралізм”, “калегіяльнасць” і “эклезіяльнасць”.

Трэцяя частка фільма прысвечана некалькім з 29-ці дакументаў, падрыхтаваных Міжнароднай тэалагічнай камісіяй на тэму сінадальнасці, адносін паміж Цэрквамі і сучаснай культурай, насілля на рэлігійнай глебе. У прыватнасці, гаворка ідзе пра знакавы дакумент пад назвай “Памяць і прымірэнне: Касцёл і правіны мінулага”, распрацаваны з нагоды Вялікага юбілею 2000 г.

Аўтары спадзяюцца, што стужка дапаможа шырокай публіцы пазнаёміцца з дзейнасцю структуры, якая ў большасці выпадкаў застаецца незаўважнай, але з руплівасцю імкнецца выконваць місію, даручаную Хрыстом: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28,19).
 

28 студзеня 2021, 11:00