Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Навабранцы Швейцарскай гвардыі пачалі рыхтавацца да службы

4 студзеня 2021 г. пачалася падрыхтоўка новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі. Базавы курс, які будзе працягвацца два месяцы, пройдуць 15 навабранцаў.

Рэкруты паходзяць з розных кантонаў Швейцарыі. Дзевяць з іх з’яўляюцца нямецкамоўнымі, чатыры – франкамоўнымі, два – італьянамоўнымі. Агульная колькасць гвардзейцаў складзе 134 асобы. Такім чынам амаль будзе дасягнута норма ў 135 гвардзейцаў, прадугледжаная нядаўняй рэформай корпуса.

У канцы красавіка 2018 г. Францішак зацвердзіў павелічэнне агульнай колькасці членаў Папскай гвардыі з 110 да 135 чалавек. Пашырэнне складу было абумоўлена ростам патрабаванняў і пашырэннем зоны адказнасці.

Гвардзейцы выконваюць ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага палацу, а таксама меж Дзяржавы Ватыкан. Афіцэры суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах. Асноўны склад Швейцарскай гвардыі, гэта рэкруты, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу на працягу 26 месяцаў.

Сапраўдным подзвігам самай невялікай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнай арміяй імператара Карла V 6 мая 1527 г., падчас славутай аблогі Рыма. Падчас абароны загінулі 142 з 189 гвардзейцаў. Гэта была самая драматычная бітва ў гісторыі Швейцарскай гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая.
 

08 студзеня 2021, 10:45