Пошук

Андрэа Арканжэлі Андрэа Арканжэлі 

Кіраўнік медслужбы спадзяецца, што Папа прышчэпіцца ад COVID-19

Кіраўнік медыцынскай службы Ватыкана чакае, што і Папа будзе прышчэплены ад COVID-19. “Але, не будучы яго ўрачом, я не магу сказаць гэтага дакладна, бо гэта не залежыць ад мяне”, - сказаў Андрэа Арканжэлі.

Прафесар паведаміў у інтэрв’ю Il Messaggero, што ў Ватыкане ў першым шэрагу супраць каронавіруса будуць вакцынавацца асобы, якія знаходзяцца на перадавой, між іншым, урачы і медыцынскі персанал, супрацоўнікі дзяржаўнай службы, грамадзяне Ватыкана з асаблівымі паталогіямі і інваліды, потым пажылыя і слабыя і паступова ўсе астатнія. У Ватыкане пражывае каля 500 чалавек і працуе 4 тыс., у паловы з якіх ёсць сем’і, такім чынам агульная колькасць доз можа дасягнуць 10 тыс. Святы Пасад прыняў рэкамендацыі па вакцынацыі, узгодненыя на міжнародным узроўні.

Арканджэлі падкрэсліў, што ў Ватыкане ўсё гатова для прыёму вакцын. Ён пацвердзіў, што гэта будзе распрацоўка фірмы Pfeizer, паколькі яна – адзіная зацверджаная і даступная да гэтага часу вакцына. Пазней, пры неабходнасці, можна будзе выкарыстоўваць распрацоўкі іншых кампаній.

“Было б дзіўна, калі б Папа, які заахвочваў да вакцынацыі, сам не прышчапіўся”

 

Кіраўнік Упраўлення аховы здароўя і гігіены запэўніў, што сам пройдзе вакцынацыю. Пытанне прышчэплівання Святога Айца ляжыць у кампетэнцыі яго асабістага ўрача, хаця, як адзначыў Арканджэлі, “было б дзіўна, калі б Папа, які заахвочваў да вакцынацыі, сам не прышчапіўся”.

Медык звярнуўся да тых, хто негатыўна ставіцца да вакцынацыі супраць COVID-19. Ён адзначыў, што гэта адзіная даступная зброя, якая дазваляе трымаць пандэмію пад кантролем.

“Канец трагедыі, якую мы перажываем, залежыць ад распаўсюджвання вакцын”

 

“Можна сказаць, што вакцыны прайшлі шырокія выпрабаванні, хоць гэты працэс і працягваўся карацей, чым у выпадку іншых прэпаратаў. Тэставанне было завершаны хутчэй дзякуючы інвестыцыям усіх краін. Звычайна гэта займае некалькі гадоў, на гэты раз усё прайшло на працягу года. Я асабіста веру ў навуку і больш чым упэўнены, што наяўныя вакцыны бяспечныя і не ставяць пад небяспеку жыццё. Канец трагедыі, якую мы перажываем, залежыць ад распаўсюджвання вакцын”, - упэўнены кіраўнік ватыканскай медыцынскай службы.

Арканджэлі адзначыў, што ў сацыяльных сетках шмат інфармацыйнага шуму, выказванняў людзей, якія не маюць навуковай кампетэнцыі, і гэта, на жаль, прыводзіць да распаўсюджвання ірацыянальных страхаў.
 

05 студзеня 2021, 10:55