Пошук

Vatican News
Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар адправіцца ў Камерун

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы здзейсніць афіцыйны візіт у Камерун. Кардынал П’етра Паралін будзе знаходзіцца ў афрыканскай краіне з 28 студзеня па 3 лютага 2021 г.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, узначаліць св. Імшу ў катэдральным касцёле ў горадзе Бамэнда, дзе ўручыць палій новаму арцыбіскупу-мітрапаліту, а таксама наведае дабрачынны цэнтр Foyer de l'Esperance для моладзі ў Яўндэ, сталіцы дзяржавы, які быў заснаваны 40 гадоў таму.

Паведамляецца, што суправаджаць кардынала Параліна будзе мансеньёр Іван Сантус, супрацоўнік Секцыі па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, спецыяліст у міжнародным праве.

Мэта падарожжа: ў кантэксце надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй, яшчэ раз прадэманстраваць увагу Касцёла і Святога Айца да афрыканскага кантынента, багатага чалавечнасцю, але пазначанага шматлікімі пакутамі.

На працягу некалькіх гадоў Камерун пакутуе ад грамадзянскага канфлікту. На захадзе краіны дзейнічаюць сепаратысцкія групоўкі, якія са зброяй у руках змагаюцца за незалежнасць рэгіёну. У 2020 г. краіну скалыхнула серыя тэрактаў, ахвярамі якіх сталі таксама дзеці. У лістападзе 2020 г. баевікі выкралі 90-гадовага кардынала Крысціяна Війгана Тумі, актыўнага абаронцу правоў чалавека і міру, лаўрэата Прэміі імя Нэльсана Мандэлы. Ён быў вызвалены на наступны дзець пасля нападу.

Францішак выказваў сваю занепакоенасць сітуацыяй у Камеруне. Ён запэўніваў у блізкасці насельніцтва краіны, заклікаў да спынення баявых дзеянняў і гарантавання моладзі права на адукацыю і будучыню.
 

28 студзеня 2021, 11:57