Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Ватыканскі кардынал: Божае Нараджэнне заклікае да салідарнасці

Кардынал Луіс Антоніа Тагле, прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, падзяліўся з Vatican News сваімі надзеямі адносна надыходзячага новага года.

“Думаю, што праблемы і пакуты гэтага года дапамогуць нам засяродзіцца на пасланні надзеі, якое нясе Божае Нараджэнне. Бо што такое Божае Нараджэнне? Гэта Бог, які да нас прыходзіць. Мы ніколі не будзем самотнымі”, - заўважыў пурпурат.

Па яго словах, “Божае Нараджэнне 2020-га года, ва ўмовах пандэміі, кліча нас да салідарнасці”.

“Спадзяюся, што мы будзем творчымі, што зможам вынайсці спосаб, найперш, каб нагадаць нашым братам і сёстрам, што яны маюць сябра, на якога можна разлічваць”, - дадаў кардынал Тагле.

“Жадаю, каб людзі мелі сілу, надзею, веру і радасць, каб зрабіць новы год светлым. Мы не можам чакаць, што знешнія фактары пераменяць рэчы. (...) Але мы можам змяніць сваю перспектыву, і гэта зробіць новы год больш ясным”, - сказаў прэфект.
 

18 снежня 2020, 10:33