Пошук

Vatican News
Францішак у Хірасіме. Ілюстрацыйнае фота Францішак у Хірасіме. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад правядзе канферэнцыю па ядзерным раззбраенні

16 снежня 2020 г. у Ватыкане пройдзе канферэнцыя па ядзерным раззбраенні. Галоўны арганізатар – Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. За форумам можна будзе сачыць праз інтэрнэт.

Удзельнікамі дыскусіі, акрамя прэфекта Дыкастэрыі, кардынала Пітэра Тарксана і Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, стануць расійскі эксперт па бяспецы Аляксей Арбатаў і дырэктар міжнароднай кампаніі па ліквідацыі ядзернай зброі (ICAN) Бэатрыс Фін са Швецыі. Нагодай стала прэзентацыя кнігі на гэтую тэму, выдадзенай Georgetown University Press.

Канферэнцыя задумвалася як працяг дыскусіі, распачатай Францішкам наконт уладання і выкарыстання ядзернай зброі. На сімпозіуме 2017 г. у Ватыкане Папа назваў стратэгію ядзернага стрымлівання неэтычнай. “Зброя масавага знішчэння, асабліва ядзерная, стварае толькі ілжывае пачуццё бяспекі і не можа складаць аснову мірнага суіснавання паміж членамі чалавечай сям’і, якое, наадварот, павінна натхняцца этыкай салідарнасці”, - нагадаў Пантыфік. Падчас візіту ў японскую Хірасіму ў лістападзе 2019 г. Францішак асудзіў валоданне ядзернай зброяй і назваў гэта “амаральным”.

Канферэнцыя 16 снежня пачнецца ў 16.00 і будзе трансліравацца на ватыканскім YouTube-канале.
 

14 снежня 2020, 09:55