Пошук

Маці Божая Гвадэлупская Маці Божая Гвадэлупская 

Поўны адпуст у гонар Маці Божай Гвадэлупскай

У 125-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Гвадэлупскай Апостальская Пэнітэнцыярыя, па даручэнні Святога Айца, устанавіла магчымасць атрымання поўнага адпусту вернікамі ва ўсім свеце.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, які адзначаецца 12 снежня, мексіканскі санктуарый, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Багародзіцы, сёлета будзе зачынены.

Па гэтай прычыне было прынята рашэнне, што для атрымання адпусту, акрамя выканання звычайных умоў (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), вернікам неабходна будзе памаліцца дома перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай і духоўна прыняць удзел у св. Імшы, якая будзе трансліравацца з санктуарыя.

Апостальская Пэнітэнцыярыя працягнула да 12 кастрычніка 2021 г. Юбілейны год Маці Божай Гвадэлупскай, прымеркаваны да 125-годдзя каранацыі абраза, які пачаўся 8 снежня 2019 г.

Паведамляецца таксама, што з нагоды літургічнага ўспаміну 12 снежня 2020 г. Пантыфік будзе цэлебраваць урачыстую Эўхарыстыю ў ватыканскай базыліцы св. Пятра.
 

10 снежня 2020, 12:26