Пошук

Vatican News
Падчас адвэнтавага казання. Ілюстрацыйнае фота Падчас адвэнтавага казання. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папскі прапаведнік: Божае Нараджэнне – свята Божай пакоры

“Калі не сустрэнешся з Хрыстом ва ўласным сэрцы, з Ім не сустрэнешся ні ў якім іншым месцы”, - лічыць кардынал Раньера Канталамеса.

18 снежня 2020 г. прапаведнік Папскага дома прамовіў да Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі трэцяе, апошняе адвэнтавае казанне, якое прысвяціў таяміцы ўцелаўлення. Сустрэча прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Па словах капуцына, “першая вялікая бітва, якую павінна была зазнаць вера ў Хрыста”, датычыла менавіта “Яго чалавечай натуры і праўды пра ўцелаўленне”, а не Яго боскасці.

“Ля вытокаў гэтага непрыняцця ляжала догма Платона, згодна з якой “ніводзін Бог не змешваецца з чалавекам”. А св. Аўгустын адкрыў апошні корань цяжкасці таго, каб паверыць ва ўцелаўленне, – недахоп пакоры”, - сказаў а. Канталамеса. Вопыт святога, апісаны ім у “Споведзі”, адначасова паказвае дарогу да пераадолення гэтай перашкоды: яна праходзіць праз “вызваленне ад ганарыстасці і прыняцце Божай пакоры”.

“Пакора служыць ключом да разумення ўцелаўлення. Не трэба шмат сілы, каб выстаўляць сябе напаказ; яе трэба многа, каб адысці ў бок і стаць незаўважным. Бог – гэта такая неабмежаваная сіла ўласнай непрыкметнасці: “...выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, (...) прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці (Філ 2, 7-8)”, - працягнуў Папскі прапаведнік. Ён трапна ахарактарызаваў Божае Нараджэнне як “свята Божай пакоры”.

На думку а. Канталамесы, нездарма і св. Ян Хрысціцель – “больш чым прарок”. Такая характарыстыка тлумачыцца яго звышчалавечай місіяй: указаць на, здавалася б, звычайнага Чалавека і абвясціць, што гэта і ёсць Месія.

“Адносна лёгка паверыць у штосьці велічнае і боскае; больш складана, калі кажуць: “Вось! Гэта Ён!”

, - заўважыў капуцын.

“Я перакананы, што Ян Хрысціцель пакінуў нам такое ж прароцкае заданне: працягваць усклікаць: “Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце!” (Ян 1,26). Ён паклаў пачатак новаму прароцтву, якое заключаецца не ў абвяшчэнні будучага збаўлення, а ў выяўленні прысутнасці Хрыста ў гісторыі: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28,20). Хрыстус прысутны ў гісторыі не толькі таму, што пра Яго пастаянна пішуць і гавораць, але таму, што Ён уваскрос і жыве ў Духу. (...) Адсюль бярэ пачатак евангелізацыя”, - сцвердзіў прапаведнік Папскага дома.

Пры гэтым, працягнуў капуцын, недастаткова ведаць, што Бог стаўся чалавекам; важна ведаць таксама, чалавекам якога кшталту, – “бедным, пакорным, пакутуючым”. Гэта, аднак, не значыць, што дастаткова быць убогім і прагнучым, каб аўтаматычна ўвайсці ў Божае Валадарства.

“Словы: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго” (Мц 25,34) звернуты да ўсіх, хто клапоціцца пра бедных, неабавязкова да саміх бедных”, - патлумачыў а. Канталамеса.

Ён дадаў, што “ісці насустрач бедным – значыць пераймаць Божую пакору. Гэта значыць, зрабіцца малымі дзеля любові, дзеля таго, каб падняць тых, хто ўнізе”. Аднак для гэтага неабходна найперш будаваць асабістыя стасункі з Богам.

“Калі не сустрэнешся з Хрыстом ва ўласным сэрцы, з Ім не сустрэнешся ні ў якім іншым месцы”, - заключыў прапаведнік Папскага дома.
 

18 снежня 2020, 11:12