Пошук

Vatican News
Падчас адвэнтавага казання ў Ватыкане Падчас адвэнтавага казання ў Ватыкане  (Vatican Media)

Папскі прапаведнік: бачыць жыццё з перспектывы смерці

Глядзець на жыццё з перспектывы смяротнага ложку, - заклікаў Прапаведнік Папскага дома падчас першага ў гэтым годзе адвэнтавага казання для Францішка і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Кардынал Раньера Канталамеса падзяліўся сваімі разважаннямі раніцай 4 снежня 2020 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Сёлетні цыкл медытацый ён прысвяціў смерці.

Капуцын нагадаў словы св. Аўгустына пра тое, што “смерць – гэта смяротная хвароба, якая перадаецца пры нараджэнні”. “Сястра-смерць з’яўляецца па-сапраўднаму добрай старэйшай сястрой і добрым педагогам. Яна многаму нас вучыць”, - заўважыў ён.

З пункту гледжання смерці, за якой ідзе Божы суд, варта глядзець на ўласнае жыццё. “Колькі войнаў, колькі жорсткасці можна было б пазбегнуць на зямлі, калі б гвалтоўныя людзі і прыгнятальнікі народаў думалі пра тое, што таксама і яны хутка павінны будуць памерці! Успрымаць жыццё з пункту гледжання смерці вельмі дапамагае жыць лепш”, - сказаў прапаведнік.

Кардынал Канталамеса падкрэсліў, што глядзець на ўсе праблемы, цяжкасці, канфлікты важна з правільнага ракурсу: з перспектывы ўласнага смяротнага ложку. Гэта дапамагае не прывязвацца да зямных рэчаў, быць гатовым цярпець прыніжэнні і прабачаць.

Варта баяцца толькі аднаго віду смерці. Гаворка ідзе пра “вечную смерць” ці “другую смерць”, як яна называецца ў Апакаліпсісе св. Яна (20, 6). Яна адзіная, якая сапраўды заслугоўвае імя смерці, бо не з’яўляецца пераходам, Пасхай, а жудасным канчатковым прыпынкам, - падкрэсліў кардынал.

“Гора тым людзям, якія паміраюць у смяротных грахах! Калі чалавек жыве ў смяротным граху – для яго смерць яшчэ мае атрутнае джала”, і вырваць яго можна праз ачышчэнне ад граху, - заўважыў капуцын.

Паводле айца Канталамесы існуе прывілеяваны спосаб падрыхтоўкі да смерці – Эўхарыстыя. “Устанаўліваючы Эўхарыстыю, Езус апярэдзіў уласную смерць. Мы можам рабіць тое ж. Больш за тое, Езус вынайшаў гэты сродак, каб зрабіць нас удзельнікамі Яго смерці, каб з’яднаць нас з сабой. Удзел у Эўхарыстыі – гэта самы сапраўдны, правільны і эфектыўны спосаб “падрыхтавацца” да смерці”, - адзначыў Прапаведнік Папскага дома.
 

04 снежня 2020, 12:45