Пошук

Vatican News
Кардынал Леанарда Сандры Кардынал Леанарда Сандры 

Кардынал-прэфект: візіт Папы ў Ірак – знак вялікага суцяшэння

Гістарычнае і мужнае рашэнне Пантыфіка наведаць Ірак адкрые шлях для дыялогу і згоды ў гэтай краіне, перакананы прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

У інтэрв’ю Vatican News кардынал Леанарда Сандры заўважыў, што візіт Папы, які павінен адбыцца 5-8 сакавіка 2021 г., стане знакам блізкасці да ўсіх народаў блізкаўсходняга рэгіёну, якія пакутуюць ад войнаў, пераследу і эміграцыі.

“Усе ахвяры з’яўляюцца Божымі дзецьмі, якія падвергліся несправядліваму і бязлітаснаму прыгнёту”, - адзначыў іерарх. Гэта будзе жэст вялікага і моцнага суцяшэння, адрасаванага ўсёй краіне, - лічыць ён.

Прэфект нагадаў, што Францішак выказваў жаданне наведаць Ірак яшчэ ў 2019 г. Ён хацеў аддаць даніну пашаны шматлікім святарам і кансэкраваным асобам, якія нягледзячы на цяжкасці, пагрозы і напады не пакінулі свой народ, сталі прыкладам Добрага пастыра, які не ўцякае.

Іерарх закрануў праблему міграцыі з блізкаўсходніх краін і змяншэння колькасці хрысціян. Ён заўважыў, што для вяртання людзей павінны быць створаны бяспечныя мовы і магчымасці весці годнае жыццё.

Многія іракскія хрысціяне, якія апынуліся ў еўрапейскіх краінах, хочуць вярнуцца дамоў і прымаць удзел у грамадскім і палітычным жыцці на Радзіме. У сувязі з гэтым у адукацыйных праектах Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў робіцца ўхіл на вывучэнне мігрантамі сацыяльнай дактрыны Касцёла.

“Свецкія вернікі павінны будаваць сваю краіну, сваю Айчыну, а не толькі атрымліваць указанні ад кіраўніцтва. Самі хрысціяне праз евангельскія прынцыпы павінны рабіць унёсак у будаванне грамадства, натхнёнага Езусам, паўсюдным братэрствам, годнасцю кожнага чалавека, які жыве згодна з уласнымі перакананнямі і верай”, - падкрэсліў кардынал Леанарда Сандры.
 

14 снежня 2020, 12:28