Пошук

Vatican News
Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Дзяржсакратар да настаўнікаў: быць сведкамі праўды і надзеі

Быць сведкамі праўды, надзеі і любові ў час разгубленасці, выкліканай пандэміяй, - заклікаў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін настаўнікаў каталіцкіх школ Італіі.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў анлайн-канферэнцыі Італьянскай асацыяцыі каталіцкіх настаўнікаў, прымеркаванай да яе 75-годдзя.

Аб’яднанне ўзнікла напрыканцы Другой сусветнай вайны па ініцыятыве Пія ХІІ. Ён хацеў, каб пасля часоў фашысцкай дыктатуры і патрасенняў ваеннага канфлікту ў кожным італьянскім горадзе была асацыяцыя каталіцкіх настаўнікаў, якая б спрыяла аднаўленню дзяржавы і будаванню дэмакратыі. 

“Таксама і сёння краіна, а ў прыватнасці сістэма адукацыі, знаходзяцца ў разгубленасці па прычыне пандэміі”, - заўважыў кардынал. Ён заклікаў прадстаўнікоў аб’яднання быць “элементамі лучнасці”. “Давайце сведчанне аб жаданні з шчодрасцю прысвяціць сябе дабру вучняў, якія маюць патрэбу ў тым, каб бачыць у вас сведкаў праўды, надзеі і любові”, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Кардынал Паралін заклікаў членаў каталіцкай асацыяцыі памятаць пра свае традыцыі. Укаранёная і моцная тоеснасць – гэта “самая пераканаўчая гарантыя эфектыўнай дзейнасці, якую вы павінны выканаць у новым і складаным кантэксце, у якім пакліканы працаваць”, - дадаў ён.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што адукацыйная дзейнасць патрабуе здольнасці заўважаць прысутнасць іншага і выключнага Настаўніка, якім з’яўляецца Хрыстус. Кардынал падкрэсліў, што праца настаўнікаў можа набываць сімвалічную сілу з жэсту, які Езус чыніў шмат разоў, калі ставіў дзіця ў самы цэнтр.
 

31 снежня 2020, 10:49