Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Галахер і Майк Пампеа Арцыбіскуп Галахер і Майк Пампеа  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер пра напрамкі дзейнасці ватыканскай дыпламатыі

Канфлікт ва Украіне, адносіны з Маскоўскім Патрыярхатам, узаемадзеянне з ЗША ў пытанні рэлігійнай свабоды і дыялог з Кітаем – гэта тэмы, якія закрануў у інтэрв’ю ТАСС арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Святы Пасад цалкам падтрымлівае рэалізацыю пагадненняў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, які не лічыць простым “грамадзянскім сутыкненнем”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Іерарх адзначыў, што Святы Пасад шануе любыя спробы, накіраваныя на ўсталяванне міру, але лічыць, што любая дапамога і ўмяшанне не павінны замяняць намаганні бакоў па самастойным выхадзе з канфліктаў.

“Магчымая толькі дапамога ў дасягненні пагаднення. Любы непасрэдны ўдзел Святога Пасаду ў перамовах бакоў магчымы толькі ў выпадку звароту ўдзельнікаў гэтага працэсу”

, - удакладніў арцыбіскуп Галахер.

“У любой краіне ў грамадзянскіх канфліктаў розныя карані. Па большай частцы яны нараджаюцца з прычыны няроўнасці, парушэнняў сацыяльнага парадку, карупцыі, эканамічных праблем, недахопу веры ў палітычны лад. У любым выпадку дыпламатыя Святога Пасаду на чале з Папам, заўсёды пры садзейнічанні мясцовых Касцёлаў, выступае за мірнае выказванне любых грамадзянскіх патрабаванняў, за пошук рашэнняў шляхам перамоў, пры павазе да правоў чалавека і заканадаўства. У першую чаргу Святы Пасад у выпадку канфліктаў найбольш занепакоены праявамі насілля”, - сказаў арцыбіскуп у інтэрв’ю.

Адносіны Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы становяцца ўсё больш блізкімі і братэрскімі пры ўзаемнай павазе традыцый кожнай, - заявіў Галахер. Паводле яго, важны штуршок развіццю гэтых адносін надала гістарычная сустрэча Францішка і Кірыла ў Гаване ў 2016 г. Ён адзначыў, што ў Ватыкане на рэгулярнай аснове адбываюцца сустрэчы са Старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў, Мітрапалітам Іларыёнам.

“Святы Пасад лічыць свае кантакты са Злучанымі Штатамі добрымі і надзейнымі, хоць заўсёды існуюць пэўныя разыходжанні з адміністрацыямі ў Вашынгтоне”

, - паведаміў ватыканскі дыпламат.

“Няма ніякіх сумневаў, што абарона правоў чалавека і рэлігійнай свабоды з’яўляецца прыярытэтам як для Святога Пасаду, так і для ЗША. Але падыходы да гэтай тэмы ў нас некалькі адрозніваюцца”, - сказаў Галахер, падкрэсліваючы, што каталіцкі бок “пазбягае любой палітызацыі і ідэалагізацыі такой важнай тэмы”.

“У дачыненні да Кітая Святы Пасад верыць у логіку прамога дыялогу і палітыкі невялікіх крокаў. Наша пагадненне служыць паляпшэнню сітуацыі з рэлігійнай свабодай. Мы ведаем, што яшчэ шмат што можна палепшыць, але нельга адмаўляць добрых вынікаў, якія прынесла пагадненне”, - сказаў Сакратар па адносінах з дзяржавамі, маючы на ўвазе Часовую дамову аб прызначэнні біскупаў, падпісаную з КНР два гады таму і абноўленую гэтай восенню.
 

05 снежня 2020, 11:47