Пошук

Vatican News
Уваход на выставу "100 батлеек у Ватыкане" Уваход на выставу "100 батлеек у Ватыкане" 

“100 батлеек” у каланадзе плошчы св. Пятра

13 снежня 2020 г. урачыста адкрылася штогадовая выстава “100 батлеек у Ватыкане”. У сувязі з надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета яна размясцілася на свежым паветры, у каланадзе плошчы св. Пятра.

Інаўгурацыя была арганізаванага ў супрацоўніцтве з Пасольствам Украіны пры Апостальскай Сталіцы і супольнасцю ўкраінцаў у Рыме. На выставе, між іншым, прадстаўлена батлейка, зробленая ўкраінскай манахіняй з экалагічна чыстых матэрыялаў. У ёй прадстаўлены элементы, уласцівыя розным рэгіёнам Украіны – ад Карпат да Данецка.

Экспазіцыя будзе адкрыта да 10 студзеня 2020 г. Святочныя яслі з розных куткоў свету павінны дапамагчы перажыць Божае Нараджэнне ў радасці, нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя пандэміяй, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Падчас інаўгурацыі выставы арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, звярнуў увагу на тое, што батлейка з’яўляецца сімвалам сціпласці. Ён заклікаў перажыць Божае Нараджэнне 2020 года больш інтэнсіўна, нягледзячы на пакуты, звязаныя з каронавірусам. “Мы павінны пераканацца, што мы не адны, бо столькі людзей перажывае з намі адно і тое ж, і перш за ўсё, мы павінны памятаць, што Бог ніколі не пакіне нас”, - сказаў іерарх.

Выстава “100 батлеек” праводзіцца штогадова з 1976 г. Да 2018 г. яна размяшчалася на рымскай Пьяца-Дэль-Пополо, затым, з улікам яе вялікага евангелізацыйнага патэнцыялу, была перанесена ў адзін з ватыканскіх будынкаў, недалёка ад плошчы св. Пятра, а сёлета ўпершыню адбываецца на тэрыторыі Ватыкана.
 

14 снежня 2020, 10:51