Пошук

Vatican News
Біскуп Нунцыа Галанціна з Францішкам Біскуп Нунцыа Галанціна з Францішкам 

Ватыканскі іерарх: фінансы Святога Пасаду ў бяспецы

Фінансы, якімі распараджаецца Папа, знаходзяцца ў бяспецы, фонд “Грош св. Пятра” не быў разграблены, а цэнтралізацыя рэсурсаў гарантуе іх разумнае выкарыстанне, - падкрэсліў біскуп Нунцыа Галанціна.

Старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы заўважыў у інтэрв’ю Avvenire, што структура, якую ён узначальвае, працуе над тым, каб прыйсці да больш разважлівага, празрыстага і прафесійнага кіравання рэсурсамі. За ватыканскімі фінансамі ажыццяўляецца належны кантроль, каб інвестыцыі адпавядалі прынцыпам этыкі і сацыяльнага вучэння Касцёла.

Біскуп Галанціна распавёў, што страты, звязаныя з набыццём лонданскай нерухомасці, склалі ад 66 да 150 млн фунтаў стэрлінгаў. Яны закранулі галоўным чынам рэзервовыя фонды Дзяржаўнага сакратарыяту, а не фонд “Грош св. Пятра”, прызначаны для фінансавання місіянерскай дзейнасці Пантыфіка, як аб гэтым паведамлялі СМІ.

Іерарх заўважыў таксама, што нерухомасць у Лондане не была кепскай інвестыцыяй: яна працягвае захоўваць свой кошт і, магчыма, нават вырасла ў цане. Акрамя таго, увесь доўг ад гэтай здзелкі лёг на Апостальскую Сталіцу, што дазволіла пазбавіцца ад выплаты працэнтаў па крэдытах “асабліва сквапным” банкам.

Біскуп падкрэсліў, што выявіць прычыны фінансавых страт павінен будзе Трыбунал Дзяржавы Ватыкан: гаворка можа ісці пра памылку або пра махлярскія намеры. Расследаванне справы працягваецца. Ініцыятарам яго правядзення з’яўляецца выключна ватыканскі бок.
 

02 лістапада 2020, 13:54