Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Ватыканскі дыпламат: патрэбны саюз паміж навукай і гуманізмам

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі прачытаў адкрытую лекцыю ў Нацыянальнай акадэміі дэі Лінчэі – найстарэйшай навуковай установе і інтэлектуальным цэнтры Італьянскай рэспублікі.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прысвяціў свой зварот тэме паўсюднага братэрства, інтэгральнай экалогіі і праблеме каронавіруса, а таксама ролі дыпламатыі і навукі ў гэтых сферах.

Іерарх звярнуў увагу на сур’ёзнасць глабальнага крызісу, выкліканага пандэміяй. Ён нагадаў, што ў свеце амаль 50 млн чалавек заразіліся каронавірусам і каля мільёна памерлі. Пандэмія абвастрыла праблемы ў розных сферах. З улікам узаемазвязанасці ўсяго на планеце, можна казаць пра “адзіны і складаны сацыяльна-эпідэміялагічна-экалагічны крызіс”, - заўважыў ён.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што катастрафічная сітуацыя, у якой апынулася чалавецтва, павінна аб’яднаць людзей. На кон пастаўлены агульныя інтарэсы, таму трэба выкарыстаць момант выпрабаванняў у якасці нагоды для прыняцця рашэнняў, аб чым неаднойчы казаў Святы Айцец.

Пандэмія можа стаць зыходным пунктам для навяртання, трансфармацыі і змены перспектывы. Яна павінна стымуляваць адмаўленне ад індывідуалізму і закрытасці, падштурхнуць да цывілізацыйнага выбару на карысць агульнага дабра і змяшчэння годнасці чалавека ў цэнтр нашых дзеянняў, - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Ватыканскі дыпламат лічыць неабходным змяншэнне выдаткаў на ваенныя мэты і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва. Раззбраенне павінна разглядацца не як самамэта, але як уклад у агульную бяспеку і мір.

Арцыбіскуп заўважыў важнасць перагляду эканамічнай сістэмы, а таксама падкрэсліў, што “тэхналагічнае і эканамічнае развіццё, якое не стварае лепшага свету і не павышае якасці жыцця з інтэгральнага пункту гледжання, не можа лічыцца прагрэсам”.

Выйсце з крызісу павінна грунтавацца на “новым саюзе паміж навукай і гуманізмам”. Патрэбны “сістэмны падыход, заснаваны на абноўленай салідарнасці, якая сведчыцца з павагай да агульнага дабра і навакольнага асяроддзя”, неабходна лепшая, інклюзіўная палітыка, якая стаіць на службе ўсім і рэалізуецца пад міжнародным уплывам, патрэбна навуковае супрацоўніцтва, па-сапраўднаму міждысцыплінарнае, якое ўлічвае кожную галіну ведаў, - сцвердзіў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

 

24 лістапада 2020, 12:59