Пошук

Vatican News
Крыж Сусветных дзён моладзі Крыж Сусветных дзён моладзі   (ANSA)

У Ватыкане пройдзе цырымонія перадачы сімвалаў Дзён моладзі

У прысутнасці Папы пройдзе перадача сімвалаў Сусветных дзён моладзі прадстаўнікам Партугаліі. Гэта адбудзецца 22 лістапада 2020 г., на заканчэнне св. Імшы ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Маладыя панамцы, гаспадары папярэдняга форуму, перададуць Крыж і копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani партугальскай моладзі – наступная сустрэча запланавана на 2023 г. у Лісабоне. У адпаведнасці з дзеючымі правіламі санітарнай бяспекі, сімвалічны абрад пройдзе ў прысутнасці невялікіх дэлегацый абедзвюх краін.

Драўляны крыж, які сёння называюць крыжам Сусветных дзён моладзі быў выраблены ў 1983 г. з нагоды Года Адкуплення, які праходзіў з 25 сакавіка 1983 г. па 22 красавіка 1984 г. Падчас цырымоніі адкрыцця Святога Года моладзь прынесла сімвал збаўлення ў базыліку св. Пятра, дзе ён заставаўся на працягу юбілею. У канцы юбілейных урачыстасцей, на Вялікдзень 1984 г. Ян Павел II даручыў крыж моладзі.

У 2003 г., падчас дыяцэзіяльнага этапу Сусветных дзён моладзі, Папа падарыў маладым людзям копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani, арыгінал якой знаходзіцца ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. З таго часу абодва сімвалы пілігрымуюць па ўсім свеце.

У чэрвені-ліпені 2014 г., перад Сусветнымі днямі моладзі 2016 г. у Кракаве, адбылася перэгрынацыя крыжа і іконы па санктуарыях Беларусі.
 

17 лістапада 2020, 14:15