Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: выконваць Канвенцыю аб касетных боепрыпасах

Больш інвеставаць у раззбраенне і памятаць пра бездань зла, якая знаходзіцца ў аснове вайны, - заклікаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел Другой агляднай канферэнцыі аб Канвенцыі па касетных боепрыпасах, якая прайшла 26 лістапада 2020 г. у анлайн-фармаце, праз дзесяць гадоў пасля ўступлення дакумента ў сілу.

“Як адна з першых краін, якая ратыфікавала гэту Канвенцыю, Апостальская Сталіца застаецца цалкам зацікаўлена ў яе выкананні і працягвае заахвочваць іншыя краіны пацвярджаць першарадную і неад’емную годнасць і цэнтральнае месца чалавечай асобы”, - сказаў іерарх.

Дыпламат з жалем заўважыў, што дагэтуль не была дасягнута мэта падпісання Канвенцыі 130-цю краінамі. “Яшчэ больш засмучае і хвалюе той факт, што касетныя боепрыпасы працягваюць выкарыстоўвацца ў некаторых канфліктах, прыводзячы на новых ахвяр”, - дадаў ён.

Арцыбіскуп нагадаў пра сувязь паміж раззбраеннем і развіццём. “Чым больш інвестуем у разбраенне, тым менш рэсурсаў нам трэба будзе выдаткоўваць на гуманітарную дапамогу”, - сказаў дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў міжнародную супольнасць неадкладна садзейнічаць далучэнню краін да Канвенцыі па касетных боепрыпасах, каб, такім чынам, яны ўдзельнічалі ў глабальных намаганнях, накіраваных на сумеснае будаванне больш бяспечнага свету.

Спасылаючыся на энцыкліку Францішка Fratelli tutti, арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што першай ахвярай кожнага канфлікту з’яўляецца “натуральнае пакліканне чалавецтва да братэрства”. “Давайце пачуем праўдзівыя гісторыі гэтых ахвяр насілля, паглядзім на рэчаіснасць іх вачыма і з адкрытым сэрцам выслухаем гісторыі, якія яны распавядаюць. Так мы зможам зразумець бездань зла ў самой аснове вайны”, - нагадаў ён словы Святога Айца.

На завяршэнне сваёй прамовы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказаў спадзяванне, што краіны-ўдзельніцы Канвенцыі будуць выконваць свае абавязацельствы, не дазваляючы касетным боепрыпасам ствараць пагрозу для жыцця і цэласнага развіцця народаў, якія перажылі і надалей перажываюць канфлікты.
 

30 лістапада 2020, 09:33