Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Africa Studio - stock.adobe.com)

Святы Пасад у АБСЕ: бараніць святасць жыцця ў час пандэміі

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ прыняў удзел у Міжземнаморскай канферэнцыі гэтай структуры, прысвечанай спрыянню бяспецы праз устойлівае развіццё і эканамічны рост.

Мансеньёр Януш Урбанчык падкрэсліў, што “пытанні бяспекі павінны заўсёды вырашацца глабальным чынам”, беручы пад увагу такія пытанні як “энергетычная бяспека, кліматычныя змены, міграцыя, а таксама актуальны эканамічны і фінансавы крызіс, абцяжараны пандэміяй COVID-19”.

“Часта ўзровень эканамічнага росту краіны з’яўляецца адзіным фактарам, які ўлічваецца ў развіцці”, але “развіццё, пра якое мы размаўляем, не можа абмяжоўвацца выключна ростам эканомікі”. На самой справе, каб развіццё было сапраўдным, яно “павінна дапамагаць кожнаму чалавеку і ўсяму чалавеку”.

“Мы не можам аддзяліць эканоміку ад чалавечай рэчаіснасці ці аддзяліць развіццё ад цывілізацыі, у якой яно адбываецца. Для нас важным з’яўляецца чалавек – кожны чалавек, кожнае грамадства і чалавецтва ў цэлым”, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат.

Мансеньёр Урбанчык адзначыў той факт, што пандэмія каронавіруса не толькі абвастрыла праблему галечы ў свеце, але і справакавала ўзнікненне новых форм беднасці. Ён нагадаў пра выклікі, звязаныя з сістэмай аховы здароўя, а таксама адсутнасць доступу да правільнай інфармацыі і адукацыі, пакуты, выкліканыя сацыяльнай ізаляцыяй і пашырэннем насілля.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю жанчын падчас пандэміі. Апостальская Сталіца часта падкрэслівае вызначальную ролю жанчын у эканоміцы і грамадстве ў цэлым, таму важна бараніць іх годнасць, даць сацыяльныя гарантыі і адпаведныя кампенсацыі.

Паводле ватыканскага дыпламата, усе палітычныя стратэгіі дапамогі найбольш патрабуючым падчас пандэміі павінны грунтавацца на двух асноўных прынцыпах: усёабдымнасці і абароне святасці чалавечага жыцця. Пандэмія падштурхоўвае да пошуку новых і інавацыйных рашэнняў, арыентаваных на агульнае дабро і цэласнае чалавечае развіццё ўсіх, - падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў АБСЕ.
 

05 лістапада 2020, 11:45