Пошук

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Ватыканскі іерарх: годнасць кожнага чалавека грунтуецца на Богу

Еўропа будзе мець будучыню толькі тады, калі вернецца да сваіх хрысціянскіх каштоўнасцей і хрысціянскага духа, - перакананы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

ХХ стагоддзе паказала, што гуманізм, калі імкнецца выключыць спасылку на Бога, не можа даць чалавеку свабоды і вельмі хутка прыводзіць да ідалапаклонства і ўсёдазволенасці, - заўважыў ватыканскі іерарх падчас сустрэчы з журналістамі ў аўстрыйскім Лінцы.

Кардынал Кох звярнуў увагу на фундаментальнае значэнне хрысціянскага разумення чалавечай годнасці. Ніводная асоба не можа быць яе пазбаўлена, таму што годнасць не даецца іншымі людзьмі. “Непарушная годнасць кожнага чалавека грунтуецца выключна на Богу”, - сцвердзіў іерарх.

Спасылаючыся на гісторыю Еўропы, кардынал прызнаў, што рэлігійныя войны XVI і XVII стагоддзяў былі сапраўднай прычынай распаўсюджвання секулярызму і кепскім прыкладам, які Цэрквы давалі ў той час. У сувязі з гэтым ён лічыць неабходным актывізаваць экуменічныя высілкі, каб Цэрквы маглі зноў мець значэнне для ўсяго еўрапейскага грамадства.

7-8 кастрычніка 2020 г. старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству здзейсніў візіт у Аўстрыю па запрашэнні экуменічнага фонда “Pro Oriente”. Ён наведаў Вену, а таксама філіялы фонда ў Лінцы і Зальцбургу, дзе прачытаў лекцыю на тэму “Экуменічны абмен дарамі паміж Усходам і Захадам. Выклікі, цяжкасці, перспектывы”.
 

09 кастрычніка 2020, 11:08