Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папская акадэмія жыцця пра братэрства паміж сем’ямі ў парафіях

Аднаўленне жыцця Касцёла ў значнай ступені залежыць ад душпастырскага клопату пра сям’ю, - заўважыў старшыня Папскай акадэміі жыцця падчас анлайн-канферэнцыі для душпастыраў сем’яў з Калумбіі.

Сям’я – гэта выключная сацыяльная структура. У сучасным свеце, дзе рашэнні часта прымаюцца толькі на кароткі час, менавіта сям’я “застаецца месцам стабільных адносін, трывалых рашэнняў, а гэта аказвае глыбокі ўплыў на жыццё яе членаў”, - заўважыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Іерарх падкрэсліў, што Касцёл павінен мець рысы сямейнай супольнасці, разумецца як Божая сям’я. У сувязі з гэтым ён нагадаў заклік да абнаўлення касцёльнага жыцця менавіта з увагай да ролі сем’яў, які Папа скіраваў у Апостальскай адгартацыі “Amoris laelitia”.

Арцыбіскуп Палья зазначыў, што нярэдка сем’і кепска інтэграваныя ў жыццё парафіяльных супольнасцей, закрытыя ў сабе, а парафіям не хапае “духа сямейнасці”. У сувязі з гэтым, душпастырства павінна дапамагаць стварэнню міжсямейнай блізкасці таксама і на гэтым узроўні. “Думаю, што для душпастырства вельмі важна стварыць “братэрства паміж сем’ямі”, - дадаў іерарх.

На думку старшыні Папскай акадэміі жыцця, еднасць паміж сем’ямі будзе карыснай не толькі для жыцця парафіяльнай супольнасці, але таксама для горада і ўсяго грамадства, дзе сем’і пакліканы рабіць свой унёсак у якасці “закваскі міжчалавечай блізкасці”.
 

23 кастрычніка 2020, 10:25