Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра барацьбу з пандэміяй і інтэлектуальную ўласнасць

Права на інтэлектуальную ўласнасць павінна паважацца, але не перашкаджаць доступу да вакцыны ад COVID-19, - заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

16 кастрычніка 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні Сусветнай гандлёвай арганізацыі, прысвечаным гандлёвым аспектам правоў інтэлектуальнай уласнасці. Ён заўважыў, што “добра спраектаваная сістэма абароны інтэлектуальнай уласнасці павінна ўраўнаважыць асабістыя правы вынаходнікаў і агульныя патрэбы грамадства”.

Іерарх падкрэсліў, што права на інтэлектуальную ўласнасць павінна прызнавацца і паважацца належным чынам, “у тым ліку для таго, каб стымуляваць даследаванні на карысць усіх людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе”. З іншага боку важна памятаць, што яно не з’яўляецца самамэтай, а толькі сродкам для дасягнення мэты.

Права на інтэлектуальную ўласнасць павінна быць падпарадкавана патрэбам агульнага дабра, таму, паводле ватыканскага дыпламата, патрэбна “укараненне механізмаў кантролю для маніторынгу і карэкцыі логікі рынку”. Як казаў св. Ян Павел ІІ, “закон прыбытку, як такі, не можа ўжывацца ў адносінах да таго, што з’яўляецца фундаментальным для барацьбы супраць голаду, хваробаў і беднасці”, - нагадаў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пажадаў, каб палітыка і заканадаўства былі арыентаваны на павагу да чалавечай годнасці і яе абарону; каб кіраваліся духам салідарнасці як унутры краін, так і паміж імі; каб доступ да лекаў гарантаваўся без дыскрымінацыі, а згодна з прынцыпам роўнасці, празрыстасці і адказнасці.

Ва ўмовах глабальнага эпідэміялагічнага крызісу ўсе пакліканы “з шчодрасцю прадставіць у распараджэнне свае здольнасці”, каб змагацца з пандэміяй, гледзячы ў будучыню з крэатыўнасцю і надзеяй, бо толькі так можна будзе “сведчыць аб канкрэтнай салідарнасці, неад’емнай перад абліччам глабальных выклікаў” сучаснасці, - дадаў іерарх.

Ватыканскі дыпламат нагадаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, што прыкладна дваццаць гадоў таму былі зняты абмежаванні ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, каб аблегчыць доступ да эквівалетных прэпаратаў. Цяпер трэба зрабіць тое самае ў адносінах да сродкаў для барацьбы з COVID-19, - сцвердзіў ён.

“Будзе вельмі сумна, калі багатыя людзі атрымаюць прыярытэт у доступе да вакцына ад каронавіруса. Будзе сумна, калі гэта вакцына стане ўласнасцю толькі адной краіны, а не ўсеагульным здабыткам”, - нагадаў словы Святога Айца Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.
 

17 кастрычніка 2020, 10:37