Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін  

Кардынал Паралін: патрэбны дальнабачны перагляд мадэляў развіцця

Да перабудовы мадэлі развіцця і росту з увагай да годнасці чалавека заклікаў кардынал П’етра Паралін у відэазвароце да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Вехі інтэгральнай экалогіі на карысць сацыяльнай эканомікі”.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Папскі фонд Centesimus Annus. Першае анлайн-пасяджэнне ў рамках форуму прайшло 23 кастрычніка 2020 г.; другое будзе адбывацца 30 кастрычніка 2020 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы адкрыў працу канферэнцыі сваім зваротам, у якім правёў паралелі паміж энцыклікамі Францішка Laudato Si' і Fratelli tutti.

Спаслаўшыся на Святога Айца, кардынал Паралін падкрэсліў, што выпрабаванне пандэміяй выявіла ўразлівасць чалавечай натуры, падманнасць самаўпэўненасці, да якой схільны чалавек, і выказаў перакананне, што чалавецтву трэба змяніць кірунак свайго руху ў бок Бога і сваіх бліжніх, у духу супрацоўніцтва і ўсведамлення сваёй прыналежнасці да свету як братоў і сясцёр.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы патлумачыў, што канцэпцыя інтэгральнай экалогіі павінна разумецца шырэй за выключна прыроднае вымярэнне і ўключаць усеахопнае бачанне шматбаковага жыцця, натхняючы на найлепшыя палітычныя рашэнні, на працэсы даследаванняў і развіцця і на крытэрыі ацэнкі дзейнасці, далёкія ад скажонага разумення росту і развіцця.

Цэнтральным пунктам такога падыходу, працягнуў пурпурат, павінна быць чалавечая асоба і неабходнасць пашырэння культуры клопату і аховы, супрацьлеглай культуры адкідання. У рэалізацыі такой мадэлі жыцця выключную ролю, побач з палітычнымі і тэхнічнымі рашэннямі, набываюць адукацыя і выхаванне.

Патрэбна маральная разважлівасць на карысць новага, больш глыбокага ўсведамлення сэнсу эканомікі і яе мэт; патрэбны сутнасны і дальнабачны перагляд мадэлі развіцця з тым, каб выправіць існуючыя скажэнні, - сказаў кардынал Паралін. Ён выказаў упэўненасць, што дзейнасць прадпрымальнікаў павінна служыць развіццю іншых людзей і пераадоленню беднасці, асабліва праз стварэнне магчымасцей для разнастайнай працы. Беспрацоўе, выкліканае развіццём тэхналогій, патрабуе крэатыўнага і разумнага адказу.

“Нам патрэбна, каб сусветны юрыдычны, палітычны і эканамічны кірунак узмацняў і арыентаваў міжнароднае супрацоўніцтва ў бок салідарнага развіцця ўсіх народаў”, - сцвердзіў кардынал Паралін.
 

24 кастрычніка 2020, 16:04