Пошук

Айцец Раньера Канталамеса Айцец Раньера Канталамеса 

Папскі прапаведнік пра атрыманне кардынальскай годнасці

“Прызначэнне мяне кардыналам не паўплывае на маё жыццё. Я буду і надалей у першую чаргу абвяшчаць Божае слова”, - прызнаўся Vatican News айцец Раньера Канталамеса.

26 кастрычніка 2020 г. Францішак назваў імя 86-гадовага італьянскага капуцына сярод трынаццаці іерархаў і святароў, якія атрымаюць кардынальскую годнасць падчас бліжэйшага кансісторыя. Ён пройдзе ў Ватыкане 28 лістапада.

На працягу апошніх 40 гадоў айцец Канталамеса з’яўляецца Прапаведнікам Папскага дома – ён абвяшчае і тлумачыць Божае слова Пантыфікам і іх бліжэйшым супрацоўнікам у перыяд Адвэнту і Вялікага посту.

Манах добра вядомы ў Італіі, бо доўгі час быў вядучым папулярных каталіцкіх праграм на галоўных тэлевізійных каналах у гэтай краіне. У апошнія гады ён жыве ў кляштары ў мясцовасці Чытадукале, якая знаходзіцца ў 85 км на паўночны ўсход ад Рыма, дзе з’яўляецца капеланам невялікай супольнасці кляўзуровых законніц.

“Я думаю, што буду працягваць маю місію абвяшчэння Божага слова і спадзяюся, што пандэмія дазволіць рабіць гэта для Святога Айца ў перыяд Адвэнту, які набліжаецца. Пасля майго прызначэння я атрымаў шмат віншаванняў, у тым ліку ад хрысціян іншых веравызнанняў і нават ад маіх некаторых сяброў-юдэяў. Гэты мне было вельмі прыемна, бо я заўсёды імкнуўся спрыяць будаванню адзінства і дыялогу. Гэтыя віншаванні з’яўляюцца таксама прызнаннем вялікага ўкладу папы Францішка ў будаванне мастоў”, - сказаў капуцын.

Айцец Раньера Канталамеса нарадзіўся 22 ліпеня 1934 г. у цэнтральнай Італіі ў Коллі-дэль-Тронто. У 1958 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Ва ўніверсітэце Фрыбурга, у Швейцарыі, атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі, а ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане ступень доктара класічнай літаратуры. Там ён выкладаў пазней гісторыю ранняга хрысціянства. У 1975-1981 гг. быў членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пасля 1975 г. цалкам прысвяціў сябе душпастырству і духоўнаму кіраўніцтву. Звязаў сябе з рухам Абнаўленне ў Святым Духу. У 1980 г. стаў прапаведнікам Папскага дома. Займае гэту пасаду на працягу трох пантыфікатаў: Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка.

 

30 кастрычніка 2020, 11:18