Пошук

Vatican News
Прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра Прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра  (Society of Jesus)

Фінансы Святога Пасаду ў 2019 г.: дэфіцыт – 11 мільёнаў еўра

Паступленні – 307 мільёнаў, выдаткі – 318 мільёнаў, дэфіцыт – 11 мільёнаў еўра: 1 кастрычніка 2020 г. у Ватыкане была прадстаўлена фінансавая справаздача Рымскай курыі за 2019 г.

Эканоміка Святога Пасаду павінна быць максімальна празрыстай, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра. “Вернікі павінны ведаць як трацяцца рэсурсы. Мы з’яўляемся не ўласнікамі, але распарадчыкамі атрыманых рэсурсаў. Прадстаўляючы справаздачу за 2019 г. мы жадаем патлумачыць вернікам, якія рэсурсы мае Рымская курыя, адкуль яны паходзяць і як выкарыстоўваюцца”, - сказаў святар.

Прэфект зазначыў, што ў справаздачу не ўключаны бюджэт Дзяржавы Ватыкан. Дакумент тычыцца выключна дзейнасці Рымскай курыі – шасцідзесяці ўстаноў Апостальскай Сталіцы, якія дапамагаюць Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

“Святы Пасад не дзейнічае як прадпрыемства ці як дзяржава, не шукае прыбытку і лішкаў, таму нармальна, што існуе дэфіцыт”, - лічыць адказны за фінансы.

Кс. Герэра заўважыў, што бюджэт Апостальскай Сталіцы параўнальна невялікі. Паводле яго, некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў ЗША маюць нашмат большыя фінансавыя абароты, чым усе структуры Рымскай курыі ўзятыя разам.

Прыводзячы канкрэтныя лічбы, святар адзначыў, што на працягу 2019 г. 54% паступленняў (164 мільёна еўра) былі атрыманы ад кіравання маёмасцю. Іншыя 14% (44 мільёна еўра) прынесла камерцыйная дзейнасць, напрыклад, продаж прадукцыі Дыкастэрыі па камунікацыі і Ватыканскага выдавецтва, плата за навучанне ў папскіх ВНУ і продаж білетаў у рымскія катакомбы. Яшчэ каля 14% (43 мільёна еўра) паступіла ад Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка, Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, базылікі св. Пятра. Ахвяраванні дыяцэзій і вернікаў склалі каля 56 мільёнаў еўра ці 18% бюджэту.

Выдаткі Рымскай курыі прэфект падзяліў на тры групы: утрыманне маёмасці, у тым ліку аплата падаткаў, складае каля 21% бюджэту; адміністрацыйныя выдаткі паглынаюць каля 14%; выдаткі на місію – каля 65%.

“Тое, што ўразіла мяне найбольш, калі я лепш пазнаёміўся з Курыяй, гэта вялікая праца з дапамогай малой колькасці рэсурсаў”, - прызнаўся ватыканскі прэфект.

Кс. Герэра распавёў, што на ўтрыманне 125 нунцыятур і пастаянных місій у свеце траціцца каля 43 мільёнаў еўра, а на працу шматмоўных ватыканскіх СМІ – 45 мільёнаў еўра. Ён падкрэсліў, што не здолеў знайсці ў свеце настолькі эканомнага выкарыстання рэсурсаў для настолькі шырокай дзейнасці.

Святар звярнуў увагу на мадэрнізацыю камунікацыйнай сістэмы Апостальскай Сталіцы, якая дазволіла зменшыць выдаткі, а таксама нагадаў, што фінансавых рэсурсаў патрабуюць Ватыканскія бібліятэка і архіў, а таксама Бюро раскопак, якія ахоўваюць не толькі касцёльную, але агульначалавечую спадчыну.

Аптымістычным прэфект лічыць значнае змяншэнне дэфіцыту бюджэту: калі ў 2018 г. ён складаў каля 75 мільёнаў еўра, то ў 2019 г. сума зменшылася практычна ў сем разоў.
 

02 кастрычніка 2020, 11:34