Пошук

Vatican News
Лагатып ватыканскай педыятрычнай клінікі Bambino Gesù Лагатып ватыканскай педыятрычнай клінікі Bambino Gesù  (Vatican Media)

Bambino Gesù: эксперымент з выкарыстаннем дронаў

Ватыканская педыятрычная клініка Bambino Gesù праводзіць эксперымент з дастаўкай лабараторных матэрыялаў з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў. Першы вопыт паспяховы.

Інавацыйны праект рэалізуецца сумесна з кампаніямі Leonardo і Telespazio, у супрацоўніцтве з італьянскім Нацыянальным агенцтвам грамадзянскай авіяцыі.

Падчас выпрабаванняў, якія праходзілі 19 і 22 кастрычніка 2020 г., адбылася дастаўка проб аналізаў паміж філіялам клінікі і лабараторыяй. Адлегласць паміж структурамі, якія знаходзяцца ўздоўж марскога ўзбярэжжа, складае каля 30 кіламетраў.

Для перавозкі медыцынскага грузу выкарыстоўваліся беспілотныя лятальныя апараты з вертыкальным узлётам, аснашчаныя электрычным рухавіком, які гарантуе экалагічнасць і нізкі ўзровень шуму. Дастаўка праводзілася не толькі пры візуальным кантролі аператара, але і ў аўтаматычным рэжыме.

Дырэктар ватыканскай педыятрычнай клінікі Марыэла Энак падкрэсліла вялікую зацікаўленасць у выкарыстанні інавацыйных тэхналогій. Беспілотныя апараты дапамагаюць хутчэй атрымліваць вынікі аналізаў, што асабліва важна ў перыяд пандэміі.

Эксперымент з дастаўкай біямедыцынскіх грузаў з дапамогай рознага віду дронаў будуць праводзіцца да снежня 2020 г. У будучыні плануецца выкарыстанне беспілотных апаратаў таксама для перавозкі матэрыялаў з галоўнай сядзібы клінікі Bambino Gesù, якая знаходзіцца ў цэнтры Рыма.
 

23 кастрычніка 2020, 10:38