Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад да палітыкаў: спрыяць абароне чалавечага жыцця

Старшыня Папскай акадэміі жыцця падкрэсліў, што католікі, якія займаюцца палітычнай дзейнасцю, не могуць садзейнічаць абортам або падтрымліваць іх легалізацыю.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья выказаўся на тэму абароны жыцця ў cувязі з дыскусіямі, якія адбываюцца ў рамках перадвыбарнай барацьбы ў ЗША. Ён нагадаў, што вучэнне Касцёла ў гэтым плане з’яўляецца вельмі выразным і прадстаўлена ў Катэхізісе: у ім няма згоды на аборты і эўтаназію.

Паводле іерарха, палітычныя дзеячы павінны імкнуцца палепшыць “кепскае і грахоўнае заканадаўства” і садзейнічаць абароне жыцця кожнага чалавека ад яго нараджэння да натуральнай смерці.

Арцыбіскуп запэўніў, што Касцёл не жадае падвяргаць цэнзуры палітыкаў, а толькі заклікае іх пераглядзець свае рашэнні ў святле веры, якую яны вызнаюць. На яго думку важна не асуджаць, а спрыяць навяртанню. “Касцёл у першую чаргу зацікаўлены ў збаўленні грэшніка. На нас ляжыць адказнасць за тое, каб яго члены навярнуліся да Евангелля жыцця”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця заклікаў католікаў да рэфлексіі над зместам Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і прасоўвання яго прынцыпаў у сферы адукацыі, культуры і мастацтва. “Касцёл павінен перастаць граць толькі ад абароны. Мы заўсёды павінны быць гатовыя раскрываць глыбіню і прыгажосць хрысціянскай таямніцы”, - сказаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Ватыканскі іерарх ужо звяртаўся да праблемы інструменталізацыі тэмы абароны жыцця палітыкамі і выкарыстання яе ў якасці “ідэалагічнай зброяі”. “Перш за ўсё, хрысціяне не могуць дазволіць, каб абарона жыцця стала мячом для розыгрышу ў палітычных інтарэсах”, - казаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

08 верасня 2020, 12:10