Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Падарожжы Святога Айца прыпынены да канца года

“Я лічу, што Папа хацеў бы аднавіць свае падарожжы, але шмат залежыць ад развіцця пандэміі. У гэтым годзе яны немагчымыя” - заўважыў кардынал Пьетра Паралін у інтэрв’ю zenit.org.

Іерарх не выключае, што карта будучых папскіх пілігрымак можа ўключаць, сярод іншага, Ліван. Ён нагадаў, што перад пачаткам пандэміі Святы Айцец планаваў наведаць гэту блізкаўсходнюю краіну. Падарожжа павінна было прайсці ў верасні 2020 г.

“Шмат хто прасіў Папу наведаць Ліван. Я мяркую, што калі пра гэта просяць, значыць для візіту ўмовы ёсць, у тым ліку і ў галіне бяспекі. Цяпер праблемай з’яўляецца COVID-19. Пакуль гэтая сітуацыя не будзе пераадолена, падарожнічаць будзе немагчыма”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці будуць адноўлены папскія падарожжы ў бліжэйшай будучыні, кардынал патлумачыў, што для гэтага ў першую чаргу патрэбны бяспечныя ўмовы, як для арганізацыі паездак, так і сустрэч з людзьмі. Іерарх не пацвердзіў інфармацыю, распаўсюджаную некаторымі СМІ, пра тое, што пілігрымкі Святога Айца будуць адменены да 2022 г.

“Пакуль што, нам трэба паглядзець, як будзе развівацца пандэмія. На гэты год падарожжы, безумоўна, прыпынены. Я думаю, што Папа хацеў бы аднавіць іх як мага хутчэй, але шмат залежыць ад развіцця пандэміі, каб не пагражаць здароўю людзей, бо лагічна, што найбольшая пагроза звязана з вялікімі сходамі”, - растлумачыў ён.

З пачатку свайго пантыфікату Францішак здзейсніў 32 замежныя Апостальскія падарожжы, падчас якіх наведаў 50 краін. Апошнім быў візіт у Тайланд і Японію, які прайшоў з 19 па 26 лістапада 2019 г.
 

07 верасня 2020, 11:47