Пошук

Vatican News
Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр. Ілюстрацыйнае фота  (© 2018 Catholic News Service)

Кардынал-прэфект: патрэбны цэласны погляд на невылечна хворых

Ліст “Samaritanus bonus” прапануе інтэгральны погляд на чалавека, яго пакуты і хваробу, на клопат пра асобу ў тэрмінальнай фазе жыцця, - падкрэсліў Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.

Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр пракаментаваў для “Vatican News” новы дакумент, падрыхтаваны дыкастэрыяй. Паводле іерарха, гаворка ідзе пра важнае пасланне перад абліччам распаўсюджвання норм і законаў, якія тычацца легалізацыі эўтаназіі і суіцыдальнай смерці з урачэбнай дапамогай.

Праца над лістом пачалася пасля завяршэння пленарнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння ў 2018 г., прысвечанай дактрынальным і душпастырскім пытанням суправаджэння хворых у крытычнай і тэрмінальнай фазах жыцця. Удзельнікі сустрэчы палічылі патрэбным стварэнне дакумента на гэтую тэму, які меў бы душпастырскі характар, быў напісаны зразумелай мовай і адпавядаў дасягненням у медыцынскай сферы.

Аўтары “Samaritanus bonus” разглядаюць пытанні суправаджэння і клопату пра хворых з тэалагічнага і антрапалагічнага пункту гледжання, засяроджваючы ўвагу на важных этычных праблемах, сярод якіх свабода сумлення.

У новым дакуменце падкрэсліваецца, што клопат пра хворых не можа быць абмежаваны выключна медыцынскай і псіхалагічнай дапамогай, але патрабуе аказання падтрымкі таксама на духоўным узроўні. Для гэтага неабходна цэласнае бачанне чалавека і такі ж падыход да яго лячэння.
 

22 верасня 2020, 12:37