Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: спыніць маніпуляцыі з рэлігіямі

Дзень памяці ахвяр рэлігійнага гвалту з’яўляецца знакам таго, што міжнародная супольнасць імкнецца спрыяць будаўніцтву міру ў свеце, - лічыць старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот спаслаўся на Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў. Ён быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у 2019 г.

Рэлігіі ніколі не павінны распальваць вайну і гвалт, ніколі не павінны выклікаць варожасць, і імя Бога ніколі не павінна выкарыстоўвацца для гэтага, нагадаў іерарх галоўную ідэю Дакумента аб усеагульным братэрстве. Ён быў падпісаны 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі Папам і Вялікім імамам Аль-Азхар.

Старшыня Папскай рады падкрэсліў, што выкарыстанне рэлігіі для распальвання гвалту цягне за сабой шмат бед, і акрамя шматлікіх заклікаў супрацьстаяць гэтай з’яве, важна настойваць на прымяненні міжнароднага права да тых, хто здзяйсняе гэтыя зверствы. Падчас свайго пантыфікату Францішак неаднаразова заклікаў спыніць маніпуляцыі з рэлігіямі.

“Рэлігійныя лідары павінны працаваць над тым, каб выхоўваць кожную рэлігійную супольнасць да каштоўнасцей, уласцівых яе рэлігійным традыцыям”

 - дадаў кардынал.

Ён нагадаў, што сёлета ў пасланні да мусульман з нагоды заканчэння Рамадана Папская рада па міжрэлігійным дыялогу падкрэсліла важнасць паважання месцаў культу, падкрэсліваючы, што іх абарона – гэта абавязак, гарантаваны рэлігіямі, чалавечымі каштоўнасцямі, законамі і міжнароднымі канвенцыямі.

Каб пазбегнуць жорсткасці і гвалту, заснаваных на рэлігійных перакананнях, трэба перш за ўсё вызнаваць сапраўдныя рэлігійныя каштоўнасці, і гэтая адказнасць ляжыць на духоўных лідарах, - падкрэсліў ватыканскі іерарх. На яго думку, неабходна таксама вучыць паважаць рознагалоссі. Грамадзянскім і рэлігійным інстытутам трэба пастаянна нагадваць, што кожнага члена грамадства трэба абараняць і шанаваць, каб разам будаваць грамадскае адзінства на карысць агульнага дабра.

Кардынал Аюса Гішот звярнуў увагу на важнасць заклікаў Пантыфіка да міжнароднай супольнасці стаць на шлях дыялогу і лагоднасці, што карэнным чынам супрацьстаіць тым, хто прапагандуе гвалт і тэрор.

Ён дадаў, што Дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі з’яўляецца канкрэтным знакам таго, што міжнародная супольнасць працуе на карысць мірнага суіснавання ў свеце.

Кардынал падкрэсліў, што прыярытэтам з’яўляецца адукацыя на ўсіх узроўнях, асабліва ў гэты змрочны перыяд пандэміі. Трэба выхоўваць у сапраўдных каштоўнасцях, “каб новае пакаленне мела магчымасць развівацца ў духу чалавечага братэрства, заставалася ўкаранёным ва ўласнай ідэнтычнасці, але ў той жа час мела адвагу ведаць і паважаць іншых”.

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу перакананы, што дзякуючы шчырым намерам можна супрацоўнічаць у стварэнні новага свету, больш мірнага, салідарнага і братэрскага.
 

24 жніўня 2020, 11:06