Пошук

Vatican News
Кіраўніцтва Фонду “Populorum Progressio” на аўденцыі ў Папы Кіраўніцтва Фонду “Populorum Progressio” на аўденцыі ў Папы  (Vatican Media)

Святы Пасад фінансава дапаможа жыхарам Лацінскай Амерыкі

Папскі дабрачынны Фонд “Populorum Progressio” зацвердзіў 138 новых праектаў сацыяльнага развіцця ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Іх адбор і аналіз адбыўся ў рамках штогадовага пасяджэння Адміністрацыйнай рады Фонду, якое праходзіла 29-30 ліпеня 2020 г. у анлайн-фармаце.

Абмяркоўваўся таксама стан рэалізацыі іншых 30 праектаў харчовай дапамогі, тэрмінова распачатых у чэрвені ў адказ на заклік папы Францішка аб’яднацца з ватыканскай Камісіяй па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, каб разам праявіць клопат пра чалавецтва ў разгары крызісу.

Усяго ў парадак дня былі пастаўлены 168 праектаў дапамогі 23 краінам Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Ініцыятывы на карысць карэнных народаў, афраамерыканскіх і сялянскіх супольнасцей паўднёваамерыканскага рэгіёна будуць уключаюць меры па павелічэнні сельскагаспадарчай вытворчасці, рамеснай і камерцыйнай прадукцыі, стварэнне малых прадпрыемстваў і такіх важных інфраструктур, як сістэмы водазабеспячэння, каналізацыі і энергазабеспячэння, паляпшэнне сітуацыі ў галіне аховы здароўя і адукацыі, развіццё камунікацыйнай сферы.

Падчас сустрэчы кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека і старшыня Фонду “Populorum Progressio”, падзякаваў членам арганізацыі за высілкі і заахвоціў працягваць з адданасцю і энтузіязмам працаваць на карысць тых, хто патрабуе дапамогі ў гэты складаны момант.

Сакратар Дыкастэрыі, мансеньёр Бруна Мары Дзюфэ, дадаў, што “гаворка ідзе не пра падрыхтоўку да будучыні, але пра падрыхтоўку самой будучыні”, і што “міласэрнасць Касцёла павінна быць сведчаннем веры і надзеі, а салідарнасць павінна дапамагчы перамяніць страх у гэтую надзею”.

У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі шэрагу касцёльных і дабрачынных каталіцкіх структур, якія часткова фінансуюць ажыццяўленне праектаў Фонду “Populorum Progressio”. Сярод іх – Камітэт па дабрачынных ініцыятывах на карысць краін трэцяга свету пры біскупскай канферэнцыі Італіі і амерыканская дабрачынная арганізацыя “Cross Catholic Outreach”.

За гады свайго існавання Папскі фонд “Populorum Progressio” ажыццявіў у Панамазонскім рэгіёне 638 праектаў, галоўным чынам накіраваных на падтрымку індзейскіх народаў, метысаў і афраамерыканцаў. Усяго ў Лацінскай Амерыкі ім былі рэалізаваны 4400 гуманітарных ініцыятыў.

Фонд “Populorum progressio” быў заснаваны ў 1992 г. у рамках Папскай рады “Сor Unum”. Сёння каардынацыяй яго дзейнасці займаецца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Сваю назву структура атрымала ад аднайменнай энцыклікі папы Паўла VI, апублікаванай у 1969 г., пасля падарожжа Пантыфіка ў краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Індыю, якая стала адным з важных стаўпоў сацыяльнага вучэння Касцёла.
 

05 жніўня 2020, 12:52