Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Старшыня Папскай акадэміі: аздаравіць эканамічную мадэль магчыма

Пантыфік прагне вылечыць актуальную эканамічную мадэль ад яе хваробы, - сказаў старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук Стэфана Дзаманьі ў інтэрв’ю Vatican News.

Эканаміст пракаментаваў словы Францішка, прамоўленыя падчас агульнай аўдыенцыі 26 жніўня 2020 г., пра тое, што сучасная эканоміка з’яўляецца хворай, сімптомам чаго ёсць няроўнасць.

Дзаманьі звярнуў увагу на распаўсюджаную да нядаўняга часу перакананасць у тым, што для вырашэння эканамічных праблем людзей дастаткова толькі павелічэння нацыянальнага прыбытку. Гэта аказалася не так. Нягледзячы на глабальны эканамічны рост назіраецца павелічэнне няроўнасці. Паводле Папы, адказам на гэта павінна стаць “інклюзіўная перспектыва”. Святы Айцец лічыць таксама неабходным знайсці гармонію паміж экалагічнай і ўнутранай раўнавагай.

Ватыканскі эксперт перакананы, што перамены магчымы. У першую чаргу, на яго думку, неабходна змяніць правілы функцыянавання фінансавых рынкаў. Гэта сфера з’яўляецца “хворай”, бо грунтуецца “на памылковых законах”. Напрыклад, ён лічыць абавязковым закрыццё афшорных зон, якія спрыяюць умацаванню няроўнасці. Таксама важна, каб фінансы служылі рэальнай эканоміцы, а прадпрыемствы – не абагачэнню акцыянераў, а стварэнню сацыяльнай каштоўнасці.

Старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук перакананы, што для таго, каб выйсці з крызісу лепшымі, да чаго заклікаў Папа, трэба больш увагі надаваць праблемам сем’яў. На яго думку, многія наадварот бачаць выйсце ў індывідуалізме, але яны забываюць, што асновай эканомікі ёсць сям’я. Менавіта ў сям’і адбываецца фармацыя і выхаванне чалавека, ад чаго залежыць развіццё і будучыня ўсяго грамадства.
 

28 жніўня 2020, 13:36