Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пандэмія не перашкодзіць святкаванню Сусветнага дня місій

Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў пацвердзіла дату святкавання 94-га Сусветнага дня місій, нагадала пра місійны характар веры і заклікала падтрымліваць місійную дзейнасць Касцёла.

“У адказ на пытанні, якія паступалі адносна святкавання Сусветнага дня місій у 2020 г., Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў пацвярджае, што сёлета ён будзе адзначацца на міжнародным узроўні ў нядзелю 18 кастрычніка, без змен у календары”, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве ватыканскай дыкастэрыі, абнародаванай 28 жніўня 2020 г. у Ватыкане.

Адзначаецца, што ў многіх дыяцэзіях у розных частках свету ўжо на працягу доўгага часу вядзецца падрыхтоўка да гэтай падзей, якую з натхненнем чакае Божы народ.

Падкрэсліваецца, што хрысціянская вера па сваёй прыродзе з’яўляецца місійнай, а святкаванне Сусветнага дня місій служыць захаванню гэтага яе найважнейшага вымярэння сярод вернікаў. Кангрэгацыя нагадала, што сабраныя ў гэты дзень ахвяраванні будуць накіраваны Папскім місійным ініцыятывам, якія “працуюць на глабальным узроўні для раўнапраўнай падтрымкі Касцёла на місійных тэрыторыі”.

Сусветны дзень місій адзначаецца кожны год у трэцюю нядзелю кастрычніка. Ён быў устаноўлены ў 1926 г. папам Піем ХІ. Спецыяльнае пасланне на сёлетні Сусветны дзень Францішак скіраваў 31 мая 2020 г. Яго тэма: “Вось я, пашлі мяне (Іс 6, 8)”. Папа нагадаў, што пакліканне да місіі – гэта запрашэнне выйсці з уласнай замкнёнасці дзеля любові да Бога і да бліжняга, і Бог чакае “нашай асабістай гатоўнасці быць пасланымі” па прыкладзе Езуса Хрыста.
 

29 жніўня 2020, 10:04