Пошук

Vatican News
Афіцыйны медаль VIII года пантыфікату Францішка Афіцыйны медаль VIII года пантыфікату Францішка 

З’явіўся памятны медаль чарговага года пантыфікату Францішка

З 11 жніўня 2020 г. калекцыянеры маюць магчымасць набыць афіцыйны медаль VIII года пантыфікату Францішка. Выпуск прысвечаны 150-годдзю абвяшчэння св. Юзафа апекуном Паўсюднага Касцёла.

Такія памятныя медалі штогод выдаюцца абмежаваным тыражом у залатой, сярэбранай і бронзавай версіях. Святы Айцец уручае іх у розных выпадках, напрыклад, падчас сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, якіх прымае з афіцыйнымі візітамі ў Ватыкане. Некаторыя з іх калекцыянеры могуць набыць у кнігарнях Ватыканскага выдавецтва.

На аверсе медаля выява герба Святога Айца, імя Папы і год пантыфікату, а таксама імя і прозвішча мастака, які яго распрацаваў. На баку – надпіс “E CIVITATE VATICANA” і серыйны нумар.

На рэверсе выява св. Юзафа, які трымае Дзіцятка Езуса, а ў другой руцэ – кветку лілеі. Паўсюдны Касцёл прадстаўлены базылікай св. Пятра, якую можна ўбачыць у фоне кампазіцыі. Ніжэй лацінскі надпіс “Ты будзеш над маім домам” з Кнігі Быцця, словы, якія фараон сказаў старазапаветнаму Юзафу, даючы яму поўную ўладу над Егіптам.

Кожны медаль суправаджаецца нумараваным пасведчаннем з пячаткамі Дзяржаўнага сакратарыята і Італьянскага манетнага двара. Усяго было выраблена 30 камплектаў з трох металаў, 30 залатых, 1,5 тыс. сярэбраных і 3 тыс. бронзавых.
 

11 жніўня 2020, 13:47