Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новы кіраўнік ватыканскай сферы аховы здароўя пра яе перспектывы

Ватыканская “L’Osservatore Romano” апублікавала інтэрв’ю з новым кіраўніком ватыканскага Упраўлення аховы здароўя і гігіены. Прафесар Арканджэлі падзяліўся сваім поглядам на развіццё структуры.

Італьянскі медык, які супрацоўнічае з ватыканскім медыцынскім сектарам з 1999 г., заняў пасаду 1 жніўня 2020 г.

У 2005 г. менавіта Андрэа Арканджэлі ў якасці рэаніматолага быў уключаны ў склад каманды, якая ажыццяўляла лячэнне св. Яна Паўла II у апошнія месяцы яго жыцця, а на пачатку 2020 г., калі пачалася пандэмія каронавіруса, быў прызначаны спецыяльным камісарам, адказным за меры супрацьстаяння надзвычайнай сітуацыі ў межах Дзяржавы Ватыкан.

Новы кіраўнік акрэсліў галоўную місію і арганізацыю працы Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан: структура адказвае за падтрыманне здароўя рэзідэнтаў Ватыкана і супрацоўнікаў Святога Пасаду – як дзеючых, так і тых, што ўжо выйшлі на пенсію.

Праца ажыццяўляецца тэрапеўтычнай і спецыялізаванай амбулаторыямі, цэнтрамі, якія выконваюць рэнтгеналагічныя і ультрагукавыя даследаванні, а таксама лабараторыяй клінічных аналізаў. Акрамя таго, Упраўленне нясе адказнасць за медыцынскае суправаджэнне ўсіх масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца на плошчы св. Пятра, у тым ліку, з удзелам Пантыфіка.

Андрэа Арканджэлі
Андрэа Арканджэлі

У калектыў структуры, на чале якога стаў спадар Арканджэлі, уваходзяць санітары, біёлагі, радыёлагі і лабаранты – усяго 33 спецыялісты. Акрамя таго, з Упраўленнем супрацоўнічаюць каля 90 урачоў – тэрапеўтаў і спецыялістаў вузкіх напрамкаў.

За мінулы год падструктурамі Упраўлення былі аказаны 52 тыс. тэрапеўтычных паслуг і звыш 32 тыс. спецыялізаваных медыцынскіх паслуг, праведзена каля 220 тыс. лабараторных аналізаў і 5 тыс. дыягнастычных даследаванняў.

Спецыялісты Упраўленне аказваюць першую медыцынскую дапамогу маленькім пацыентам, якіх дастаўляюць у Ватыкан на верталёце. Па словах прафесара Арканджэлі, толькі за мінулы год было каля 100 такіх выпадкаў.

“Палітыка Упраўлення скіравана на тое, каб наймаць урачоў, якія працуюць яшчэ і па-за нашай установай. Гэта дазваляе нам мець прафесіяналаў з кансалідаваным вопытам, што дапамагае падтрымліваць высокі якасны ўзровень паслуг. Такім чынам, усе медыкі Ватыкана ажыццяўляюць знешнюю дзейнасць і дзеляцца ёю з намі. Многія працуюць у шпіталях, многія – у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай службы, а ў вольныя гадзіны аказваюць паслугі ў нас”, - падзяліўся спадар Арканджэлі.

Па яго словах, у чарговы раз супрацоўнікі Упраўлення праявілі прафесіяналізм, адказваючы на пандэмію каронавіруса: структура аператыўна і згуртавана адрэагавала на сітуацыю і прыняла ўсе меры, каб звесці да мінімуму рызыку заражэння і распаўсюджванне віруса. Прафесар Арканджэлі перакананы, што яна добра падрыхтавана і да магчымай другой хвалі пандэміі каронавіруса, бо ўзбагаціліся веды пра захворванне і выяўлены найбольш эфектыўныя метады лячэння.
 

04 жніўня 2020, 14:04