Пошук

Vatican News
Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін  (ANSA)

Дзяржсакратару распавялі пра лёс палітзняволеных у Венесуэле

Кардынал Пьетра Паралін сустрэўся ў Ватыкане з Тамарай Суджу – венесуэльскім адвакатам і абаронцай правоў чалавека. У цэнтры ўвагі была сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў паўднёваамерыканскай краіне.

Падчас размовы, якая мела месца 22 ліпеня 2020 г., Тамара Суджу паінфармавала Дзяржсакратара Яго Святасці Папы адносна сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў сваёй краіне, дзе, між іншым, з 2009 г. па 2014 г. пурпурат працаваў у якасці Апостальскага нунцыя. Па словах спадарыні Суджу, падчас размовы кардынал Паралін прасіў перадаць вязням пажаданне “не губляць надзею”.

Святы Пасад пастаянна сочыць за сітуацыяй у Венесуэле. Ужо не раз гучалі рэзкія выказванні з боку Канферэнцыі Біскупаў гэтай краіны адносна кіравання дзеючага прэзідэнта Нікаласа Мадуры.

10 красавіка 2014 г. Францішак звярнуўся да ўсіх палітычных лідараў з заклікам спыніць насілле, паважаць праўду і справядлівасць. 1 сакавіка 2015 г. Пантыфік асудзіў забойства венесуэльскіх студэнтаў, якія выйшлі на вуліцы з мірнай маніфестацыяй.

2 снежня 2016 г. Святы Пасад абнародаваў чатыры ўмовы для ўзнаўлення ў Венесуэле пры яго пасрэдніцтве працэсу перамоў паміж афіцыйнай уладай і апазіцыяй: дэмакратычныя выбары, аднаўленне Нацыянальнай Асамблеі, адкрыццё гуманітарнага каналу і вызваленне палітычных вязняў.

Гэтыя ўмовы не былі выкананы, у сувязі з чым пасрэдніцтва Святога Пасаду ва ўрэгуляванні сітуацыі ў краіне было прыпынена, бо, як патлумачыў тады папа Францішак, стаўленне венесуэльскага ўраду было: “Так, так, але не, не”.

30 красавіка 2017 г. Святы Айцец у чарговы раз заклікаў кіраўнікоў Венесуэлы да “вырашэння сітуацыі шляхам перамоў перад абліччам моцнага гуманітарнага крызісу”.
 

01 жніўня 2020, 11:47