Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Шпіталь “Bambino Gesù”: галоўная мэта – лячэнне, а не прыбытак

Ватыканская педыятрычная бальніца “Bambino Gesù” абнародавала справаздачу адносна свайго ўнёску ў сацыяльную сферу, а таксама вынікаў медыцынскай і навукой дзейнасці за 2019 г.

Згодна з данымі, за мінулы год колькасць дзяцей, якія паступаюць на лячэнне ў шпіталь з Італіі і з-за мяжы, павялічылася. Выраслі маштабы навукова-вытворчай дзейнасці ўстановы. Год завяршыўся са станоўчай валавой рэнтабельнасцю.

За 2019 г. педыятрычная клініка “Bambino Gesù” прыняла на лячэнне 29 тыс. пацыентаў (30% ад гэтай колькасці – дзеці з іншых рэгіёнаў Італіі і з-за мяжы); спецыялісты ўстановы правялі 32 тыс. аперацый (з іх – 342 трансплантацыі органаў, клетак і тканак), аказалі звыш за 2 млн. амбулаторных паслуг. На 5% (да 90 тыс. выпадкаў) павялічылася колькасць зваротаў у службу хуткай медыцынскай дапамогі.

У 2019 г. адкрыўся цалкам адрэстаўраваны корпус бальніцы, які аб’ядноўвае 80 кансультацыйных пунктаў у галіне рэдкіх захворванняў, прэнатальнай дыягностыкі, фетальнай і перынатальнай кардыялогіі, а таксама цэнтр для дзяцей з аўтызмам і цэнтр для пацыентаў з харчовымі растройствамі.

У памяшканнях бальніцы, спецыяльна адведзеных для бацькоў шпіталізаваных пацыентаў, за год было арганізавана амаль 120 тыс. бясплатных начлегаў для 5669 сем’яў (на 24% больш у параўнанні з папярэднім годам).

Яшчэ адным дасягненнем клінікі стала пацвярджэнне акрэдытацыі ў якасці “навуковага шпіталя” з боку Міжнароднай аб’яднанай камісіі – вядучага міжнароднага органа па сертыфікацыі медыцынскіх устаноў.

Бальніца “Bambino Gesù” уваходзіць у склад еўрапейскай сеткі (European Reference Network), што займаецца 14-цю групамі рэдкіх захворванняў, каб дзяліцца ведамі і вопытам і каардынаваць лячэбны працэс.

Колькасць навукова-даследчых праектаў і клінічных выпрабоўванняў за год павялічылася на 17% – з 762 да 890, навуковых публікацый – на 13% (з 679 да 766). 277 навуковых артыкулаў былі падрыхтаваны сумесна з міжнароднымі даследчымі групамі. У навуковым супрацоўніцтве бралі ўдзел 1726 арганізацый (з іх 1531 – замежныя), у асноўным – універсітэты і медыцынскія ўстановы. Усяго за мінулы год на медыцынскія даследаванні было выдаткавана 23,6 млн. еўра.

“Нашае штодзённае намаганне заключаецца ў тым, каб гарантаваць эканамічную ўстойлівасць гэтай надзвычайнай працы ў галіне даследаванняў і лячэння, не кіруючыся пры гэтым логікай прыбытку. У 2020 г. мы будзем вымушаны мець справу з негатыўнымі эканамічнымі наступствамі пандэміі каронавіруса, асабліва па прычыне агульнага скарачэння дзейнасці і мер супрацьстаяння надзвычайнай сітуацыі, якія сталі неабходнымі”, - сказала дырэктар бальніцы “Bambino Gesù” Марыэла Энок.
 

12 жніўня 2020, 13:22