Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Акадэмія жыцця б’е трывогу: лібералізацыя абортаў у Італіі

Клопат пра новае жыццё і сям’ю – сапраўдны выклік для грамадства, якое ўмее будаваць сваю будучыню, - сцвярджае Папская акадэмія жыцця, якая крытыкуе лібералізацыю фармакалагічных абортаў у Італіі.

Гаворка ідзе пра абартыўныя таблеткі RU-486, якія прадаюцца ў аптэках краіны вось ужо дзесяць гадоў. Новыя правілы адмяняюць абавязак шпіталізацыі жанчыны і падаўжаюць на два тыдні магчымасць фармакалагічнага перапынення цяжарнасці, з сёмага па дзявяты тыдзень.

Папскія акадэмікі адзначаюць, што прынятыя змены вядуць да яшчэ большай адзіноты жанчыны і цалкам ігнаруюць абавязак прадухілення абортаў.

Яны нагадваюць, што пытанне перапынення цяжарнасці рэгулюецца ў Італіі Законам № 194 ад 22 мая 1978 г., у якім дзяржава прызнае грамадскае вымярэнне мацярынства і неабходнасць абароны жыцця ў яго пачатку, і хоць у некаторых выпадках дазваляе спыніць цяжарнасць, сцвярджае, што добраахвотны аборт не з’яўляецца метадам кантролю над нараджальнасцю.

Папская акадэмія жыцця таксама нагадала, што вышэйзгаданы акт абавязвае сямейных дарадцаў аказваць падтрымку жанчынам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю з прычыны цяжарнасці, каб яны не былі вымушаны прымаць рашэнне аб аборце. Таксама ўлады павінны прапанаваць дапамогу цяжарным жанчынам у складаных сітуацыях і прасоўваюць ініцыятывы, накіраваныя на прадухіленне абортаў як метаду кантролю над нараджальнасцю.

У звароце падкрэсліваецца, што ўсе гэтыя кіруючыя прынцыпы ігнаруюцца сучаснымі ідэолагамі абортаў.

Ініцыятывы новых заканадаўцаў вядуць да поўнага спіхвання ў прыватную сферу жэсту, які мае вялікае эмацыянальнае, сацыяльнае і маральнае значэнне, а значыць, да ўсё большай трывіялізацыі абортаў.

У той жа час папскія навукоўцы папярэджваюць, што падаўжэнне магчымасці фармакалагічнага аборту да дзявятага тыдня падвяргае жанчыну большай рызыцы ўскладненняў. Тым больш, што пасля прыёму абартыўнай таблеткі яна будзе знаходзіцца не ў шпіталі пад наглядам урачоў, а адна ва ўласным доме.
 

17 жніўня 2020, 12:03