Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: зменшыць выдаткі на зброю, павялічыць – на медыцыну

Замест таго, каб аб’ядноўвацца дзеля агульнага дабра і супраць супольнай пагрозы, якая не ведае межаў, многія лідары паглыбляюць міжнародныя і ўнутраныя падзелы, - заўважыў кардынал Пітэр Тарксан.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і старшыня ватыканскай Камісіі па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай каронавірусам, прыняў удзел у прэс-канферэнцыі на тэму “Падрыхтоўваць будучыню, будаваць мір у перыяд COVID-19”, якая 7 ліпепя 2020 г. прайшла ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Іерарх заўважыў, што сёння чалавецтва перажывае адзін з самых складаных гуманітарных крызісаў пасля Другой сусветнай вайны. Гаворка ідзе не толькі пра пандэмію і эканамічную рэцэсію, паглыбленую кліматычнай праблемай, але таксама пра выклікі ў сферы міру.

Ён падкрэсліў, што ў нашыя дні беспрэцэдэнтныя сумы грошай выдаткоўваюцца на ваенныя мэты, уключаючы праграмы мадэрнізацыі ядзернай зброі, у той час як пакутуюць хворыя, бедныя і ахвяры канфліктаў. Узрастае разрыў не толькі паміж беднымі і багатымі, але таксама паміж “тэрыторыямі міру, росквіту і экалагічнай справядлівасці і зонамі канфліктаў, галечы і экалагічнага спусташэння”.

“Аздараўленне немагчыма без міру. Спыненне канфліктаў – гэта адзіны шлях да змяншэння несправядлівасці і няроўнасці. Узброенае насілле, канфлікты і беднасць, па сутнасці звязаны спіраллю, што перашкаджае міру, садзейнічае парушэнню правоў чалавека і запавольвае развіццё”, - дадаў кардынал Тарксан.

Ён выказаў падтрымку нядаўняй Рэзалюцыі ААН, у якой утрымліваецца заклік аб прыпыненні агню, бо “немагчыма перамагчы пандэмію, калі мы ваюем ці рыхтуемся ваяваць адно з адным”.

Прэфект заўважыў, што “адна справа – гэта заклікаць ці прыняць дэкларацыю аб прыпыненні вайны, а іншая – увесці яе ў жыццё”. Для гэтага неабходна ў першую чаргу “замарозіць вытворчасць і гандль зброяй”. Сучасныя ўзаемазвязаныя крызісы ўказваюць на неабходнасць “глабалізацыі салідарнасці”, у той час як на працягу апошніх дзесяцігоддзяў міжнародная стабільнасць і бяспека значна пагоршыліся.

“На жаль, замест таго, каб аб’ядноўвацца дзеля агульнага дабра і супраць агульнай пагрозы, якая не ведае межаў, многія лідары паглыбляюць міжнародныя і ўнутраныя падзелы”, - звярнуў увагу кардынал Тарксан.

Іерарх перакананы, што існуе патрэба ў глабальным лідарстве, якое дапаможа аднавіць адзінства, адмовіцца ад узаемных абвінавачванняў, шавіністычнага нацыяналізму, ізаляцыянізму і іншых форм эгаізму.

“Салідарнасць. Давер. Сустрэча. Агульнае дабро. Ненасілле. Мы верым, што гэта – аснова бяспекі чалавецтва. Касцёл рашуча падтрымлівае праекты будавання міру, якія адыгрываюць фундаментальную ролю для грамадстваў, што знаходзяцца ў стане канфлікту, пост-канфлікту, каб адказаць на выклік COVID-19. Без кантролю за ўзбраеннямі немагчыма гарантаваць бяспеку. Без бяспекі адказ на пандэмію не будзе поўным”, - падкрэсліў Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

08 ліпеня 2020, 09:42