Пошук

Ілюстрацыя да ініцыятывы “Кожны пажылы чалавек – твой дзядуля” Ілюстрацыя да ініцыятывы “Кожны пажылы чалавек – твой дзядуля” 

Святы Пасад: кампанія “Кожны пажылы чалавек – твае бабуля і дзядуля”

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця абвясціла аб запуску кампаніі “Кожны пажылы чалавек – твае бабуля і дзядуля”, каб запрасіць моладзь усяго свету праявіць пяшчоту да асоб старэйшага ўзросту, асабліва ў час пандэміі.

Адпаведнае паведамленне было апублікавана 27 ліпеня 2020 г. У ім выказваецца перакананне, што “захоўваць сацыяльную дыстанцыю не азначае пагадзіцца з наканаванай самотай і пакінутасцю” і што “перамагчы адасобленасць пажылых людзей, няўхільна захоўваючы пры гэтым эпідэміялагічныя нормы, прынятыя ў сувязі з каронавірусам, магчыма”.

Аўтары ініцыятывы звяртаюць увагу на тое, што “пандэмія асабліва моцна закранула людзей сталага ўзросту і абрэзала і без таго слабую сувязь паміж пакаленнямі”. Тым не менш, “фантазія любові” дапамагла “многім біскупскім канферэнцыям, асацыяцыям і асобным вернікам” знайсці спосаб пераказаць адзінокім пажылым людзям “блізкасць касцёльнай супольнасці”.

“Мы атрымлівалі звесткі пра ініцыяваныя маладымі людзьмі кантакты праз тэлефон, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і нават пра серэнады для асоб, якія знаходзяцца ў дамах састарэлых, – усё для таго, каб спыніць самоту многіх людзей, вымушаных з прычыны пандэміі заставацца ў сваіх дамах ці ў дамах адпачынку”

, - гаворыцца ў дакуменце.

Натхнёныя гэтымі прыкладамі, супрацоўнікі Дыкастэрыі заахвочваюць усіх неабыякавых маладых людзей, захоўваючы эпідэміялагічныя нормы, “віртуальна выходзіць на сувязь з найбольш самотнымі пажылымі людзьмі сваіх жылых раёнаў ці парафій і пераказваць ім абдымкі, як прасіў Папа, праз тэлефонную размову, відэазванок ці выяву”, а там, дзе гэта магчыма, або калі дазваляе эпідэміялагічная сітуацыя, наведваць састарэлых людзей асабіста.

У сеціве інфармацыя пра кампанію будзе распаўсюджвацца пад хэштэгам #sendyourhug, а найбольш важныя паведамленні размесцяць у Інстаграм і Твітэр на профілі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

“Мы спадзяёмся, што дзякуючы, у тым ліку, і гэтай кампаніі можна ажыццявіць жаданне папы Францішка, які ў прадмове да кнігі “Мудрасць часу” напісаў: “Вось чаго б я хацеў: свету, які зазнае новыя абдымкі паміж маладымі і пажылымі”, - гаворыцца ў паведамленні.
 

28 ліпеня 2020, 12:24