Пошук

Vatican News
Папа з дзецьмі. Ілюстрацыйнае фота Папа з дзецьмі. Ілюстрацыйнае фота 

Папа наведаў дзяцей, якія праводзяць канікулы ў Ватыкане

Раніцай 20 ліпеня 2020 г. Святы Айцец нечакана для ўсіх наведаў удзельнікаў летняга дзіцячага лагера, арганізаванага непасрэдна на тэрыторыі Ватыкана.

З 6 па 31 ліпеня дзеці работнікаў Святога Пасаду праводзяць канікулы ў Ватыкане. Іх запрасіў Папа, жадаючы такім чынам дапамагчы бацькам, вымушаным на працягу некалькіх месяцаў трымаць дзяцей дома падчас пандэміі каронавіруса.

У праекце: “Дзеці – канікулы”, які рэалізуе ватыканскі Губернатарат у супрацоўніцтве з салезіянамі і валанцёрамі, удзельнічае каля 100 падлеткаў ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў.

На працягу ліпеня некалькі аб’ектаў Ватыкана сталі дзіцячым летнім лагерам: у Зале Паўла VI, Ватыканскіх садах і на верталётнай пляцоўцы ў іх праводзяцца розныя мерапрыемствы. Усё робіцца ў дакладнай адпаведнасці з пратаколамі бяспекі, звязанымі з пагрозай COVID-19.

Тое, што аднойчы Святы Айцец далучыцца да вясёлай кампаніі, чакалася, але ніхто не ведаў, калі гэта можа адбыцца. Таму не ўсе паверылі ўбачанаму.

Францішак прыйшоў у Залу Паўла VI падчас сняданку, тут арганізавана часовая сталоўка, і спыніўся ля кожнага стала, размаўляючы з дзецьмі і адказваючы на іх пытанні. Ён таксама наведаў пляцоўку для гульняў, размешчаную ўнутры Залы.

Крыху пазней, седзячы з дзецьмі, Папа заклікаў іх заводзіць новых сяброў. “Людзі, якія ўмеюць весяліцца толькі ў адзіночку, эгаістычныя. Вы павінны быць разам, з сябрамі, каб добра бавіць час”, - сказаў ім Францішак.

“Ён хадзіў паміж сталамі, крыху паразмаўляў з самымі маленькімі, а потым і са школьнікамі пачатковых і старэйшых класаў. Яго цікавіла, што яны робяць, як яны праводзяць дзень, ці задаволеныя яны”, - распавёў каардынатар лагера кс. Франка Фантана, капелан Ватыканскай жандармерыі і Ватыканскіх музеяў.

“Дзеці былі настолькі ўзрушаны, што наступіла глыбокая цішыня. Калі Папа адышоў, мы пайшлі ў Залу Паўла VI і працягнулі рабіць тое, што робім кожную раніцу, нічога не мяняючы ў звычайным парадку. Гэта было жаданне Францішка”

, - дадаў салезіянін.

Святар адзначыў, што трое ўдзельнікаў лагера задалі свае пытанні, падрыхтаваныя загадзя. Адна дзяўчына спытала, што робіць Папа на працягу дня, на што ён адказаў, што з’яўляецца святаром і робіць тое ж, што і ўсе святары. Яшчэ адна дзяўчынка ўзгадала свайго дзядулю і спытала, ці рай сапраўды такі, якім ён яго ўяўляе. Калі для яго гэта прыгожае месца, шчаслівае і мірнае, тады так і ёсць, запэўніў Святы Айцец. А на пытанне, што яму больш за ўсё падабаецца ў папскім служэнні, Пантыфік адказаў, што сустракацца з дзецьмі.

На заканчэнне Святы Айцец асабіста шчыра падзякаваў кожнаму з 22 аніматараў і пасля сумеснага фота вярнуўся пешшу ў Дом св. Марты.

21 ліпеня 2020, 11:55