Пошук

Папа Францішак і  кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота  

Старшыня Папскай рады: цярплівасць – важная цнота экуменізму

Важна шукаць адзінства ў веры, а не арганізацыйнай еднасці, - падкрэсліў кардынал Курт Кох, каментуючы прыярытэты экуменічнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы.

У інтэрв’ю швейцарскаму інтэрнэт-парталу kath.ch старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў, што характарыстыкамі экуменізму павінны быць дзве цноты: прагненне еднасці, а з іншага боку цярплівасць, якую трэба мець, каб па-сапраўднаму дасягаць жаданага адзінства. Гаворка ідзе не “пра хуткія рашэнні, але пра доўгатэрміновыя”, - дадаў ён.

Паводле кардынала Коха, важную ролю ў дасягненні прагрэсу ў экуменізме грае “дыпламатыя візітаў”. Часта менавіта ўзаемныя сустрэчы знаходзяцца ў аснове важных падзей, бо “плёны з’яўляюцца не адразу, але пазней”, - сказаў іерарх.

Старшыня Папскай рады прызнаўся, што раней разлічваў на больш хуткія крокі наперад у развіцці экуменічных адносін. “Часам я пакутую па прычыне таго, што ў пытаннях экуменізму грамадская думка заўсёды бачыць цяжкасці з боку Каталіцкага Касцёла, не разумеючы, што перашкоды існуюць ва ўсіх Цэрквах”, - заўважыў кардынал.

З нагоды 10-годдзя працы на пасадзе старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству іерарх заўважыў, што ў першую чаргу імкнецца, “каб у дыялогу з рознымі партнёрамі мы нанова адшукалі адзінства, якое было згублена праз падзелы Цэркваў”. Але гэта павінна быць “адзінства ў веры, а не проста арганізацыйная еднасць”, - дадаў ён.

Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству была заснавана 5 чэрвеня 1960 г. у рамках падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага Сабора з першапачатковай назвай – Сакратарыят па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Яе першым старшынёй быў нямецкі кардынал Аўгустын Бэа. Кардынал Курт Кох кіруе структурай з 2010 г.
 

15 ліпеня 2020, 10:26