Пошук

Vatican News
Купал базылікі св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота Купал базылікі св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак ініцыяваў праверку дзейнасці Фабрыкі св. Пятра

Пантыфік прызначыў Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Марыё Джардана, Надзвычайным камісарам для Фабрыкі св. Пятра, - паінфармавала 30 чэрвеня 2020 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Місія 78-гадовага дыпламата будзе заключацца ў праверцы дзейнасці Фабрыкі св. Пятра – старажытнай структуры Рымскай курыі, у кампетэнцыю якой уваходзяць пытанні звязаныя з захаваннем, рэстаўрацыяй, кіраваннем ватыканскай базылікай св. Пятра.

Арцыбіскуп Джардана павінен будзе актуалізаваць статуты ведамства, праясніць пытанні, якія тычыцца кіравання Фабрыкай, а таксама правесці рэарганізацыю яе адміністрацыйных і тэхнічных аддзелаў. У гэтым далікатным заданні яму будзе аказваць падтрымку адмысловая дапаможная камісія.

Прызначэнне адбылося ў адпаведнасці з motu proprio Францішка пад назвай “Правілы празрыстасці, кантролю і канкурэнцыі дзяржаўных кантрактаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан”, абнародаванага 1 чэрвеня 2020 г.

Як вынікае з камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы, рашэнне было прынята на падставе справаздачы Апарата генеральнага рэвізора, складзенай па выніках праверкі дакументацыі і камп'ютэрнага абсталявання ў тэхнічных і адміністрацыйных аддзелах Фабрыкі св. Пятра. Яна была аўтарызавана Прамотарам справядлівасці Трыбунала Дзяржавы Ватыкан пасля інфармавання Дзяржаўнага сакратарыяту.

Фабрыка св. Пятра была створана ў 1506 г. па ініцыятыве папы Юлія ІІ для падрыхтоўкі будаўніцтва ватыканскай базылікі. Яе дзейнасць знаходзіцца ў юрысдыкцыі архіпрэзбітэра базылікі св. Пятра. З 2005 г. гэту пасаду займае кардынал Анджэла Камастры. Місія структуры тычыцца пытанняў, звязаных з захаваннем і мастацкім аздабленнем базылікі, яе наведваннем пілігрымамі.
 

01 ліпеня 2020, 12:06