Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (Vatican Media)

Францішак: Бог заўсёды рассявае толькі добрае насенне

Плённа супрацоўнічае з Богам той, хто ўмее заўважаць дабро, якое маўкліва расце на полі Касцёла і гісторыі, сказаў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 19 ліпеня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Поўны тэкст перакладу разважання Папы на беларускую мову:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

У сённяшнім Евангеллі (Мц 13,24-43) ізноў сустракаем Езуса, які збіраецца расказаць натоўпу ў прыпавесцях пра Валадарства Нябеснае. Я спынюся толькі на першай, пра каласоўнік, з дапамогай якой Езус дае нам пазнаць цярплівасць Бога, адкрываючы нашае сэрца на надзею.

         Езус расказвае, што на полі, на якім было пасеяна добрае насенне, з’явіўся і каласоўнік – слова, якое аб’ядноўвае ўсё пустазелле, якое прычыняе шкоду зямлі. Паміж намі можам сказаць, што і сёння зямля спустошана шматлікімі гербіцыдамі і пестыцыдамі, якія ў выніку шкодзяць раслінам, зямлі і здароўю. Але гэта адступленне. Тады слугі пайшлі да гаспадара, каб даведацца, адкуль узяўся каласоўнік, і той адказаў: “Варожы чалавек зрабіў гэта” (Мц 13,28). Бо мы пасеялі добрае насенне! Вораг, той, хто супернічае, прыйшоў, каб гэта ўчыніць. Яны хацелі адразу пайсці і выпалаць каласоўнік, які пачаў узыходзіць. Аднак гаспадар забараніў, бо тады была б рызыка выпалаць разам з пустазеллем, з каласоўнікам, і пшаніцу. Трэба дачакацца моманту жніва: толькі тады адно будзе аддзелена ад другога і каласоўнік будзе спалены. Мудры аповед.

         У гэтай прыпавесці можна прачытаць бачанне гісторыі. Побач з Богам – Гаспадаром поля, які заўсёды рассявае толькі добрае насенне, – існуе вораг, які рассявае каласоўнік, каб перашкодзіць росту пшаніцы. Гаспадар дзейнічае адкрыта, пры святле сонца, і Яго мэта – добры ўраджай; вораг жа карыстаецца цемрай ночы і дзейнічае, кіруючыся зайздрасцю, непрыязнасцю, каб усё сапсаваць. Вораг, пра якога кажа Езус, мае імя: гэта д’ябал, што азначае праціўнік Бога. Яго намер – перашкодзіць справе збаўлення, зрабіць так, каб Божаму Валадарству перашкодзілі несправядлівыя працаўнікі, абураныя сейбіты. Сапраўды, добрае насенне і каласоўнік увасабляюць не абстрактныя дабро і зло, не, але нас, людзей, якія можам ісці або за Богам, або за д’яблам. Часта мы чуем, што ў сям’і, якая жыла ў згодзе, з часам пачаліся войны, зайздрасць… У мірных раёнах пачынаюць адбывацца дрэнныя рэчы… І мы прызвычаіліся казаць: “А, хтосьці прыйшоў туды, каб пасеяць каласоўнік”, або “Гэты чалавек у сям’і сваімі плёткамі сее каласоўнік”. Сеянне зла – вось што заўсёды разбурае. І гэта заўсёды робіць д’ябал або нашая спакуса: калі паддамся спакусе плётак, каб знішчыць іншых.

         Жаданне слугаў – адразу вынішчыць зло, а менавіта злых людзей, але гаспадар больш мудры, больш дальнабачны: яны павінны ўмець чакаць, таму што цярпенне пераследу і варожасці з’яўляецца часткай хрысціянскага паклікання. Канешне, зло павінна быць адкінута, але злымі з’яўляюцца людзі, у адносінах да якіх трэба быць цярплівымі. Гаворка ідзе не пра тую крывадушную талерантнасць, у якой хаваецца абыякавасць, але пра справядлівасць, памякчаную міласэрнасцю. Калі Езус прыйшоў, каб шукаць хутчэй грэшнікаў, чым праведнікаў, лячыць найперш хворых, а не здаровых (пар. Мц 9, 12-13), то і дзейнасць кожнага з нас, Яго вучняў, павінна быць звернута не на тое, каб падаўляць злых людзей, але каб ратаваць іх. У гэтым і заключаецца цярплівасць.

         Сённяшняе Евангелле дэманструе два спосабы будавання і пражывання гісторыі: з аднаго боку, погляд гаспадара, які глядзіць далёка; з іншага, погляд слугаў, якія бачаць праблему. Для слугаў важна поле без пустазелля, для гаспадара – добрае насенне. Пан запрашае нас прыняць Яго погляд – погляд, засяроджаны на добрым насенні, які ўмее ахоўваць яго, нават сярод пустазелля. Добра супрацоўнічае з Богам не той, хто вышуквае абмежаванасці і недахопы іншых, але той, хто  ўмее заўважаць дабро, якое маўкліва расце на полі Касцёла і гісторыі, падтрымліваючы яго ажно да выспявання. І тады Бог, і толькі Ён, узнагародзіць добрых і пакарае злых.

Няхай Беззаганная Дзева Марыя дапамагае нам разумець і наследаваць цярплівасць Бога, які хоча, каб не згубіўся ніводзін з Яго сыноў, якіх Ён любіць Айцоўскай любоўю”.

19 ліпеня 2020, 13:12