Пошук

Vatican News
Кармэла Барбагала, старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан Кармэла Барбагала, старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан 

Фінансавая сістэма Ватыкана пройдзе праверку “Moneyval”

Напрыканцы верасня эксперты “Moneyval” дадуць ацэнку мерам па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму ў структурах Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

“Гаворка ідзе пра надзвычайна важную падзею для ватыканскай сістэмы”, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан Кармэла Барбагала. “Ацэнка Moneyval будзе тычыцца нарматыўнай базы ў сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, а таксама яе практычнага дзеяння”, - патлумачыў ён.

Старшыня ведамства выказаў упэўненасць, што ватыканская фінансавай сістэма добра падрыхтуецца да праверкі і зможа прадэманстраваць поспехі, дасягнутыя ў сферы кантролю, а таксама перадумовы, закладзеныя для іх умацавання.

Барбагала распавёў, што актыўная дзейнасць па ўмацаванні Бюро фінансавай інфармацыі, якая праводзілася цягам апошніх месяцаў, можа завершыцца ў бліжэйшы час. Кульмінацыяй гэтага працэсу павінна стаць прыняцце новага Статута і першага Унутранага рэгламенту структуры.

Абнаўленне Статута дазволіць правесці перагляд унутранай арганізацыі, каб забяспечыць больш эфектыўную дзейнасць розных падраздяленняў ватыканскага ведамства.

Прадугледжваецца таксама змена назвы структуры: з “Бюро фінансавай інфармацыі” на “Бюро па наглядзе і фінансавай інфармацыі”. Такім чынам, будуць падкрэслены дзве галоўныя сферы дзейнасці Бюро, якое з’яўляецца не толькі фінансавай разведкай, але таксама ажыццяўляе кантроль і рэгуляванне, - падкрэсліў Кармэла Барбагала.

Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан займаецца наглядам і фінансавай разведкай для папярэджання і барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Структура была заснавана Бэнэдыктам XVI у 2010 г.
 

06 ліпеня 2020, 10:47