Пошук

Vatican News
Папа Павел VI Папа Павел VI 

Дакументу аб выбарчай уладзе кардыналаў – 50 гадоў

Праз некалькі месяцаў дакументу “Ingravescentem aetatem” (Цяжар узросту), які істотна паўплываў на выбарчую ўладу кардыналаў, спаўняецца 50 гадоў.

Motu proprio папы Паўла VI, абнародаваны 20 лістапада 1970 г., фактычна пазбавіў кардыналаў ва ўзросце 80-ці гадоў і больш права выбару Пантыфіка падчас канклаву.

У прыватнасці, у папскім дакуменце гаворыцца, што “кардыналы, якія ўзначальваюць дыкастэрыі Рымскай Курыі або любую іншую пастаянную структуру Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, заахвочваюцца па дасягненні 75-гадовага ўзросту добраахвотна прадставіць прашэнне аб адстаўцы Пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе акалічнасці ў кожным канкрэтным выпадку, вырашыць, ці можна неадкладна яе прыняць”.

У той жа час, згодна з дакументам, па дасягненні 80-гадовага ўзросту кожны кардынал перастае быць членам дыкастэрый ці іншых структур Святога Пасаду, губляе права выбару Пантыфіка, а значыць, і права ўдзелу ў канклаве.

Аднак калі 80-гадовы юбілей прыпадае на час канклаву, кардынал мае права працягваць удзельнічаць у выбарчым працэсе да яго завяршэння.

Дакумент прадугледжвае і выпадак, калі ў канклаве па прычыне дасягнення 80-гадовага ўзросту не можа ўдзельнічаць Дэкан Калегіі кардыналаў: у такім выпадку яго функцыі павінен выконваць Віцэ-дэкан, або, у выпадку яго адсутнасці, – іншы кардынал, згодна з агульным парадкам першынства.

У выніку 1 студзеня 1971 г., калі дакумент “Ingravescentem aetatem” пачаў дзейнічаць, 25 кардыналаў страцілі свае выбарчыя правы.

Дарэчы, менавіта формулу “ingravescentem aetatem” ужыў Бэнэдыкт XVI, калі 11 лютага 2013 г. абвяшчаў перад кардыналамі ў Ватыкане аб сваім рашэнні сысці ў адстаўку. Тады 85-гадовы Папа патлумачыў сваё рашэнне няздольнасцю працягваць выкананне ўскладзеных на яго функцый у сувязі з сталым узростам і станам здароўя.
 

29 ліпеня 2020, 13:51