Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Святы Пасад: маштабы гандлю людзьмі павялічваюцца

“Сувязь паміж гандлем людзьмі і ўяўна нармальным жыццём уяўна нармальных людзей – вялікая агіднасць”, якая павінна падштурхнуць нас да неабходнага навяртання, перакананы кардынал Майкл Чэрны.

30 ліпеня 2020 г., калі ў свеце адзначаецца Дзень барацьбы супраць гандлю людзьмі, кардынал Майкл Чэрны, падсакратар секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў у Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, у інтэрв’ю Vatican News падзяліўся сваімі меркаваннямі адносна ролі Каталіцкага Касцёла ў сусветнай барацьбе супраць усіх форм гандлю людзьмі і падкрэсліў тэрміновую важнасць перагляду мадэлей сацыяльных паводзін, якія ў існуючым выглядзе жывяць “попыт” на тыя ці іншыя формы злоўжывання людзьмі.

Паводле даных Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (Unodc), у свеце налічваецца каля 40 млн ахвяр гандлю людзьмі. З іх амаль трэцяя частка – непаўналетнія асобы. 71% ад агульнай колькасці – гэта жанчыны і дзеці.

Пры гэтым пурпурат звярнуў увагу на хвалюючую статыстыку, згодна з якой у перыяд пандэміі маштабы злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі, рэзка павялічыліся.

“Гэта паказвае, што карані праблемы знаходзяцца ў дамах, у сэрцах людзей, жыхароў, братоў і сясцёр, якія ёсць навокал. Гэтая сувязь паміж гандлем людзьмі і ўяўна нармальным жыццём уяўна нармальных людзей – вялікая агіднасць, якая павінна прымусіць нас паразважаць, прасіць прабачэння ў Бога, шукаць неабходнага навяртання, супрацьстаяць і пазбегнуць попыту, які з’яўляецца рухавіком гандлю людзьмі”, - сказаў кардынал Чэрны.

“Найбольш маштабны адказ з боку ўсяго Касцёла” на выклік такога тыпу злачынстваў заключаецца ў дзейнасці сясцёр з міжнароднай сеткі кансэкраванага жыцця “Talitha Kum”, галоўнай місіяй якой з’яўляецца дапамога ахвярам гандлю людзьмі.

Акрамя таго, працягнуў іерарх, у Касцёле развіваецца шмат новых форм адказу на гэтую загану: пачынаючы ад прэвентыўных мер і заканчваючы працай па рэабілітацыі і рэінтэграцыі былых ахвяр.

Іерарх адзначыў, што ў апошнія гады назіраецца рост свядомасці людзей адносна такіх злачынстваў, і гэта добра і важна.

“Для ўсіх і на ўсіх узроўнях важна задумвацца над тым, што мы кажам, падтрымліваем і правакуем сваім выбарам. Нашым намаганнем павінен быць не падлік колькасці, а ўсведамленне таго, што выбар, які робім, можа ў пэўнай ступені падтрымліваць і спрыяць гандлю людзьмі”, - лічыць падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

30 ліпеня 2020, 12:36