Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Генсек Сінода пра душпастырства моладзі і пандэмію

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў падзяліўся сваім поглядам на праблемы, з якімі сутыкаецца душпастырства моладзі падчас пандэміі.

Нагодай для інтэрв’ю з кардыналам Ларэнца Балдзісэры стала публікацыя кнігі французскай законніцы Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі” – арыгінальны погляд на душпастырства моладзі ў сучасным свеце. Яна выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.

“Перш за ўсё, я хацеў бы падзякаваць усім тым маладым людзям, якія шмат працавалі ў якасці валанцёраў падчас пандэміі”, - сказаў кардынал. Моладзь была вельмі актыўнай у гэты драматычны для ўсяго чалавецтва момант гісторыі і прадэманстравала, што з’яўляецца не толькі будучыняй, але і сучаснасцю. Гэтая ідэя прагучала і на Сінодзе 2018 года, і ў паслясінадальнай адгартацыі Францішка. Сястра Наталі Бэкар прыводзіць канкрэтныя прыклады ў доказ гэтаму.

Сённяшні беспрэцэдэнтны кантэкст прымушае нас глядзець на душпастырскія ініцыятывы інакш, але пэўныя прынцыпы заўсёды застаюцца актуальнымі.

“Мы бачым, што рытм паволі аднаўляецца, і прагнозы на будучыню дазваляюць выказаць здагадку, што нам патрэбен уклад моладзі, калі мы хочам абнаўлення”, - лічыць кардынал Балдзісэры.

Перш за ўсё, трэба зразумець, дзе моладзь. У мінулым, растлумачыў іерарх, “у парафіі былі спартыўная пляцоўка, кінатэатр, настольны футбол... Але цяпер гэтага недастаткова. Маладыя людзі – на вуліцы. І менавіта туды трэба ісці, каб знайсці іх”.

“Як Касцёл мы павінны мець смеласць давяраць маладым людзям, не лічачы іх нясталымі. Вядома, яны могуць упасці. Мы ўсе слабыя. Але галоўная наша мэта – суправаджаць. Суразмоўцам з’яўляецца той, хто дзеліцца хлебам і таму становіцца побач. Суразмоўца не ідзе ні ззаду, ні наперадзе, ён побач, таму што трэба гаварыць адно з адным”

, - сказаў галоўны арганізатар Сінодаў.

Кардынал Балдзісэры адзначыў важнасць духавенства ў душпастырстве, але заўважыў, што размаўляць пра Бога з маладымі людзьмі павінны іх аднагодкі: на вуліцу, на стадыён, у трэнажорную залу павінен пайсці малады чалавек, “які адчуў, што стаў іншым, і які хоча выказаць гэта і падзяліцца”.

Іерарх указаў на стратэгічную функцыю парафіі, якая можа дапамагчы моладзі вызначыцца ў жыцці. “Прыкладна ў 15 гадоў малады чалавек пачынае старанна думаць пра свой выбар на будучыню. І ён не заўсёды атрымлівае дастатковую падтрымку ад сваёй сям’і”, - заўважыў ён. Не толькі святар, але і маладыя свецкія вернікі могуць дапамагчы ў гэтым і стаць сапраўднымі місіянерамі.
 

28 ліпеня 2020, 12:05