Пошук

Сядзіба Кангрэгацыі Веравучэння. Ілюстрацыйнае фота Сядзіба Кангрэгацыі Веравучэння. Ілюстрацыйнае фота 

Абарона непаўналетніх: у Ватыкане прадстаўлены працэсуальны даведнік

16 ліпеня 2020 г. у Ватыкане адбылася прэзентацыя Даведніка па працэдурах расследавання выпадкаў сексуальных злоўжыванняў, падрыхтаванага Кангрэгацыя Веравучэння.

30-старонкавы Vademecum падзелены на 9 раздзелаў. У ім змешчаны адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні, якія тычацца працэдур расследавання выпадкаў сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх з боку духавенства.

Гаворка не ідзе пра нарматыўны ці заканадаўчы тэкст, але пра інструмент, пакліканы дапамагчы ардынарыям і ўпаўнаважаным асобам “перакласці” у канкрэтныя дзеянні кананічныя нормы адносна delicta graviora – цяжкіх злачынстваў, якія з’яўляюцца “для ўсяго Касцёла глыбокай і балючай ранай, што просіць аб аздараўленні”.

Прапанова аб стварэнні дапаможніка выказвалася падчас агульнакасцёльнай сустрэчы, прысвечанай абароне непаўналетніх, якая праходзіла ў лютым 2019 г. у Ватыкане.

Vademecum быў распаўсюджаны ў версіі, акрэсленай як “1.0”, паколькі прадугледжваецца яго перыядычнае дапаўненне на падставе мадыфікацыі існуючага заканадаўства і практычнага досведу Кангрэгацыі Веравучэння.

Даведнік дае тлумачэнне таму, што ўяўляе сабой злачынства, як трэба праводзіць папярэдняе расследаванне, якія могуць ужывацца крымінальныя працэдуры. Адказы на пытанні суправаджаюцца спасылкамі на дзейсныя Кодэксы, motu proprio св. Яна Паўла ІІ “Sacramentorum Sanctitatis Tutela” ад 2001 г., дапоўненае Бэнэдыктам XVI у 2010 г., а таксама на motu proprio Францішка “Vos estis lux mundi” ад 2019 г.

Тэкст кажа пра чатыры галоўныя патрабаванні: у першую чаргу – клопат аб асобе. Ад касцёльных уладаў патрабуецца “прыкласці  намаганні” дзеля годных і паважлівых адносін да меркаванай ахвяры і яе сям’і. Яны павінны сустрэць “адкрытасць, слуханне і суправаджэнне”, атрымаць “духоўную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, у залежнасці ад кожнага канкрэтнага выпадку”. “Тое самае павінна рабіцца ў адносінах да абвінавачанага”, - падкрэсліваецца ў інструкцыі. 

Другі аспект – патрэба ў скрупулёзнай і дакладнай верыфікацыі кожнай інфармацыі, атрыманай ардынарыем адносна меркаванага выпадку злоўжывання. Гэта тычыцца нават тых сітуацый, калі не было фармальнай заявы, але навіна была распаўсюджана праз сродкі масавай інфармацыі, уключаючы сацыяльныя сеткі, у тым ліку ананімнымі крыніцамі. Дакумент рэкамендуе ўважліва ацэньваць усю інфармацыю, якая атрымліваецца, і глыбока аналізаваць яе. Зазначаецца, што заўсёды застаецца дзейснай таямніца споведзі: у такім выпадку спаведнік павінен пераканаць пэнітэнта паведаміць аб меркаваным злоўжыванні іншымі спосабамі.

Трэці аспект тычыцца камунікацыі. Даведнік нагадвае пра абавязак захавання “службовай таямніцы”, але падкрэсліваецца, што падчас папярэдняга расследавання, меркаваная ахвяра і сведкі не маюць абавязку замоўчваць факты. Тым не менш пажадана пазбягаць “непатрэбнага і незаконнага” распаўсюджвання інфармацыі, асабліва на этапе папярэдняга расследавання, каб не стваралася ўражанне даказанасці фактаў. Адзін з параграфаў тычыцца менавіта публічных паведамленняў падчас папярэдняга расследавання: у такіх выпадках рэкамендуецца асцярожнасць і выкарыстанне “сціслых і лаканічных” фармуліровак, без “гучных заяў” і перапрашэння ад імя Касцёла, бо такі ўчынак апярэджвае вынясенне судовага рашэння аб фактах.

Чацьвёрты аспект тычыцца супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай. Падкрэсліваецца, што нават пры адсутнасці выразнага нарматыўнага абавязку, касцёльныя ўлады павінны паведаміць пра злачынства кампетэнтным грамадзянскім уладам, калі гэта палічыцца, што гэта неабходна для абароны пацярпелай асобы ці  іншых непаўналетніх ад іншых злачынных дзеянняў”. Падкрэсліваецца, што расследаванне павінна праводзіцца з павагай да грамадзянскіх закона дзяржавы.
 

16 ліпеня 2020, 15:10