Пошук

Vatican News

Ватыканскія музеі зрабілі бясплатны ўваход для медыкаў

На знак удзячнасці медыцынскім работнікам за іх ахвярную працу ў перыяд пандэміі Ватыканскія музеі і Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа зрабілі бясплатны ўваход для работнікаў італьянскіх бальніц.

Ініцыятыва салідарнасці будзе дзейнічаць на працягу першай паловы чэрвеня. Дзверы папскіх культурных устаноў будуць адчынены для ўрачоў, санітарных работнікаў, тэхнічнага і дапаможнага персаналу дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў Італіі. Яны змогуць наведаць Музеі ў кампаніі сваіх сяброў і блізкіх – акцыя распаўсюджваецца і на іх. Для бясплатнага ўваходу дастаткова будзе паказаць службовае пасведчанне.

Паводле ініцыятараў кампаніі, медыцына і мастацтва маюць адзіную мэту: клапаціцца пра чалавека ва ўсёй яго цэласнасці.

Ватыканскія музеі аднавілі сваю працу 1 чэрвеня 2020 г., пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каронавіруса. Папскія вілы ў Кастэль-Гандольфа адкрыюцца для наведвальнікаў 6 чэрвеня і пакуль будуць працаваць толькі па суботах і нядзелях. Пры ўваходзе ва ўстановы культуры ў кожнага будзе мерацца тэмпература. Абавязковымі з’яўляюцца медыцынскія маскі і захаванне дыстанцыі.
 

04 чэрвеня 2020, 10:48