Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: у СМІ павінен быць плюралізм меркаванняў

Апостальская Сталіца заклікала падтрымліваць плюралізм меркаванняў у СМІ і нагадала пра права людзей на атрыманне праўдзівай і своечасовай інфармацыі, асабліва ў кантэксце пандэміі.

Дэлегацыя Святога Пасаду прыняла ўдзел у дыскусіі аб свабодзе слова, СМІ і інфармацыі, арганізаванай Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

“Каб дапамагчы распаўсюджванню праўды, свабоды, справядлівасці і салідарнасці ў грамадстве, СМІ – ва ўсіх сваіх формах – павінны быць абаронены і мець гарантыі свабоды, прызнаныя міжнароднай супольнасцю. У той жа час трэба прызнаць, што свабода слова, як і кожнае права чалавека, прадугледжвае адказнасць, якая не павінна ігнаравацца”, - заявіла дэлегацыя Святога Пасаду.

СМІ павінны прытрымлівацца этыкі і служыць цэласнаму развіццю чалавека. Таму нельга апраўдваць свабодай слова дыскрымінацыю, варожасць, насілле супраць адной з рэлігій ці людзей, якія да яе прыналежаць.

Свабода слова павінна ўключаць павагу і розныя меркаванні, нават калі яны адрозніваюцца, не выключаючы крытычных дэбатаў ці сур’ёзных дыскусій на тэму рэлігіі. У сувязі з гэтым Святы Пасад заклікаў СМІ адказна ставіцца да інфармацыі на рэлігійную тэматыку, дазваляючы вернікам выказваць сваё меркаванне па розных праблемах, у тым ліку грамадскіх.

Ватыканская дэлегацыя звярнула ўвагу на тое, што часам інтэрнэт, асабліва сацыяльныя сеткі, можа пераўтварацца ў прыладу распальвання нянавісці. Каб пазбегнуць гэтага, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны прытрымлівацца выразна акрэсленых стандартаў, празрыстасці, не дапускаць праяў дыскрымінацыі і нецярпімасці.

Святы Пасад звярнуў увагу на той факт, што ва ўмовах пандэміі, людзі, якія не мелі доступу да інфармацыі, падвяргаліся большай рызыцы. Часам ад інфармацыі залежыць жыццё чалавека, асабліва, калі яна важная і прыходзіць своечасова. Адсутнасць адказнай, празрыстай і актуальнай інфармацыі стварае няроўнасць, якая ў сваю чаргу пашырае пакуты.
 

23 чэрвеня 2020, 13:41